Паўночныя Альпы. Via Ferrata

Віа ферата (Via Ferrata, італ. «дарога з жалеза») – так называюцца скальныя маршруты ці іх часткі абсталяваныя металічнымі канструкцыямі, якія дапамагаюць спрасціць пераадоленне скал і палегчыць арганізацыю страхоўкі. У першую чаргу да такіх канструкцый належаць стальныя тросы, металічныя загваздкі (клямары, пласціны), ланцугі і, нават, лесвіцы.


Упершыню скальныя маршруты пачалі абсталёўваць «жалезам» у аўстрыйскіх Альпах больш за 150 гадоў назад. Значны ўздым будавання віа ферат у Альпах прыйшоўся на Першую сусветную вайну для палягчэння вядзення баявых дзеянняў (тады ж у італьянскіх Даламітах былі прабіты кіламетры тунэляў з амбразурамі, а калючы дрот з тых часоў трапляецца нават зараз). Ішоў час, ваенныя дзеянні сыходзілі ў мінулае, пачыналася эра тэхнічнага альпінізму, спартыўнага і традыцыйнага скалалазання, і пра віа фераты на час забыліся. Узыходжанне на вышэйшыя вяршыні стала доляй мацнейшых, былі пройдзеныя першыя альпійскія VIII катэгорыі цяжкасці, у паветры веяла ідэямі free-climbing, і ў гэтым спаборніцтве не было месца маршрутам з металічнай дапамогай. З цягам часу папулярызацыя альпінізму, з’яўленне новых тэхналогій, лёгкіх трывалых матэрыялаў і павышэнне бяспекі прыводзілі ў горы ўсё большыя масы людзей, якія ў першую чаргу не ганяліся за цяжкасцю. Трэкінгавыя і турыстычныя сцяжынкі забягалі ўсе далей у цясніны спрабуючы працяць самыя патаемныя горныя ландшафты і з гэтым набывалі ўсё больш вертыкальны характар. І тут віа фераты ізноў атрымалі актуальнасць, прапануючы неабходную бяспеку і хуткасць руху. Сапраўдны іх росквіт пачаўся ў 1990-х, і за наступныя дваццаць гадоў у Альпах было пабудавана больш за тысячу «дарог з жалеза».

Сення віа фераты можна знайсці ў любым закутку Альп ад маланаведвальных цяснін на поўначы і ўсходзе да легендарных Шамані, Цэрмата і Даламітаў. Участкі з абсталяванымі тросамі, ланцугамі і лесвіцамі сустракаюцца і на класічных альпіністскіх маршрутах Маттэрхорна, Манблана, Айгера і іншых з першага погляду «нефератных» гор. Адным словам, віа фераты аблыталі сучасныя Альпы шчыльнай сеткай металічных маршрутаў, пачынаючы ад самых простых пешаходных («А» па аўстрыйскай класіфікацыі) і скончваючы экстрымальна цяжкімі патрабуючымі высокай спартыўнай падрыхтоўкі («D» ці «E»).

Сярод вялікай разнастайнасці маршрутаў адмыслова трэба вылучыць тыя, што будаваліся ў першую чаргу з-за неардынарнасці навакольных ландшафтаў, прыгажосці краявідаў і цікавага лазання. Адным з іх з’яўляецца маршрут Таякантэ (Tajakante) – адна з лепшых і найцікавейшых віа ферат Аўстрыі. Таякантэ знаходзіцца ў паўночным Ціроле ў раёне мястэчка Эрвальд (Ehrwald, Tirol) і прапануе падняцца ад маляўнічага возера Зэбензэе (Seebensee) на вяршыню гары Фордерер Таякопф (Vorderer Tajakopf, 2450m). Маршрут мае катэгорыю цяжкасці «D» і перапад вышынь 600 м.

Віа ферата Таякантэ пачынацца на кантрафорсе (амаль што над маёй галавой) і ідзе па грэбні на фоне неба

Выходзіць на маршрут пажадана раніцай ад Кобургскай хіжыны (Coburger Hütte, 1900 м), бо ўздым і спуск летам у добрае надворье займае 5-6 гадзін. Маршрут пачынаецца на паўднёвым баку выразнага кантрафорса над возерам Зэбензэе і складаецца з дзвюх частак. Першая частка праходзіць па крутых скалах заходняга рабра (цяжкасць пераважна «С»).

Далей выходзіць на лёгкія навісанні і шматлікія кароткія участкі цяжкіх скал («D», калі не карыстацца тросамі, то напэўна f6с/с+), якія скончваюцца траверсам над абрывам («C») на сцяне правай часткі грэбня.

Пасля гэтага грэбень становіцца пакатым з участкамі «A/B» і выводзіць да другой часткі маршрута, якая пачынаецца з атлетычнага лазання («C/D»).

Далей некалькі соцен метраў прыгожага ўздыму пераважна «B» з некалькімі кароткімі пасажамі цяжкасці «C».

У перадвершыннай часцы грэбня маршрут сустракаецца са спускавой сцяжынкай, па якой наверх некалькі дзесяткаў метраў пешкам да вяршыні 2450 м. Ад пачатку маршрута 3-4 гадзіны.

Увесь уздым добра абсталяваны страховачнымі тросамі і праблем з бяспечнасцю не выклікае. Вады на маршруце няма.

Спускавая сцяжынка ў верхняй часцы даволі крутая і сыпкая, таму рэкамендавана самастойна падстрахоўвацца (вяроўка 20-30 м). Далей па сцяжынцы траверсам пад схіламі Хінтэрэр Таякопф (Hinterer Tajakopf) спуск да Кобургскай хіжыны ці ў суседнюю цясніну (налева праз перавал).

Маршрут выключна маляўнічы, з цудоўнымі відамі на даліну азёраў Зэбензэе і Драхензэе (Drachensee), паўднёвыя схілы вышэйшай кропкі Нямеччыны Цугшпітцэ (Zugspitze, 2962 м) і паўночныя Альпы.

Дабірацца можна з Мюнхена цягнікамі да Эрвальда (2-2.5 гадзіны, кошт ля 20 эўра), адтуль пешкам да Кобургскай хіжыны 4-6 гадзін. Ноч у хіжыне каштуе 14 эўра (усе кошты на лета 2011г).

Еще интересные статьи

4 комментария

Здорово! Надо будет как-нибудь отправиться в путешествие по европам и заехать полазать «железные дороги» 🙂
Отдельное уважение за белорусский.

Так, абавязкова! Перад Айгерам размінка 🙂

трэба абмеркаваць. нешта здаецца мне, наступным разам мая чарга ехаць па эўропам 🙂 Але перад айгерам трэба -ць такіх размінак 😉

у госці збіраешся? 🙂 калі на выходных + добрае надвор’е, то можна арганізавацца.

Добавить комментарий