пік Рэвалюцыі, Памір

Без дваццаці шасці – сем тысяч метраў! Мяжа вельмі салідная. Да такіх вышынь у Берасці  дацягваліся адзінкі. А вось яшчэ аднымі смельчакамі стала больш.
Толькі ўявіце сабе — ніхто і ніколі не быў на гэтай вяршыні ў халодную пару года. Дзіва што: і ўлетку на пік Рэвалюцыі цягне не шмат каго, што ўжо тут пра зіму казаць! Раён  аддалены ад набітых альпінісцкіх сцежак, і дабрацца туды неверагодна складана. Куды больш жаданымі месцамі  для альпіністаў з’яўляюцца  традыцыйныя памірскія вышыні — пік Камунізма і пік Леніна. Хоць «рост» кожнай з іх – больш за сем кіламетраў.
“Ідэя зганяць зімой на Памір нарадзілася пасля вяртання з Кадару” – расказвае Ігар Штык.  І вось праз некаторы час  склалася дружная каманда. У пачатку лютага адважная чацвёрка ўжо вылятала з Масквы ў Душанбэ. Да канчатковай кропкі надвор’е не дазволіла дацягнуць — прызямліліся ў суседнім Худжантэ, групе давялося карэктаваць планы.
 Ведаючы няпісаныя законы падарожжаў, хлопцы не прывязвалі сябе да зваротных квіткоў. І правільна рабілі: група пакінула межы Паміра на два тыдні пазней за арыенціровачны графік. І прабыла  амаль паўсотні дзён ва ўладзе гор, ветру і снягоў! За гэты час наматалі ўверх-уніз 420 кіламетраў …
“Аклімуха” прайшла практычна без болю — адаптаваліся да вышыні … ў аўтамабілі. Так-так, пад’язныя памірскія трасы праходзяць па высакагор’і. Часам  машыны ўзбіраюцца і на вышыню да чатырох тысяч метраў. А потым пачалося звычайнае  падарожжа: пешшу, на лыжах, у котках, на каленьках … Чаргуючы гэтыя спосабы перамяшчэння, група ўкаранілася ў памірскую прастору і завяршыла першы этап паходу ўзыходжаннем на пік Савецкіх Афіцэраў — 6233 метры. Мяркуючы па назвах навакольных вяршынь, памірцы да гэтага часу жывуць пры савецкай уладзе: пік Рэвалюцыі, Леніна, Маркса, Камунізму…  А вось назвы рэк і леднікоў ужо з мясцовым каларытам — Сауксай, Музкол, Бозбайтал, Хабарвів-Хац .
А потым быў доўгі пераход па ледзяной паверхні сумнавядомага Сарэзскага возера. Утварылася яно ў выніку грандыёзнага абвалу, які здарыўся ў гарах Паміра ў 1911 годзе. Гэты завал перакрыў даліну ракі Бартанг і стаў называцца Усойскім па назве кішлака, які разам з жыхарамі аказаўся пахаваным пад ім. У тым жа годзе за Усойскім завалам сфарміравалася вялікае возера, якое ў сваю чаргу паглынула кішлак Сарэзскі. Менавіта адсюль і яго назва. Зразумела, што гуляць там без спецыяльных прапускоў забаронена. А вось іх і не паспелі раздабыць у Душанбэ. Але групе пашанцавала: выходзілі хлопцы з 60-кіламетровых сарэзскіх прастораў у непагадзь і ўжо ў цемры, і тамтэйшы кантроль іх папросту не заўважыў …
Наогул, надвор’е было не вельмі. Часцяком хадзілі ў абсалютным «малацэ», з цяжкасцю адрозніваючы рысы таго, хто ішоў наперадзе. Адзіным арыенцірам быў GPS-навігатар. Перадапошні штрых паходу — узыходжанне на пік Рэвалюцыі — таксама залежаў выключна ад надвор’я. І яно не магло не ўзнагародзіць хлопцаў за настойлівасць. Той дзень выдаўся крышталёва-празрыстым і бязветраным. І ў гэты ж дзень турысты узышлі на суровую вяршыню!
А каб трохі адчуць каларыт апісанага падарожжа – вытрымкі з дзённіка паходу:
«Узімку Усходні Памір выдатны сваім сухім паветрам. На сонцы снег не растае, а адразу выпарваецца. Няма неабходнасці нават сушыць спальнікі. Для добрага надвор’я ў гэтую пару года тут характэрныя тэмпературы ад мінус 30-40 ноччу і да 0 градусаў на сонцы днём …
За тры дні  выпала каля паўметра свежага снегу. Апранулі лавінныя біперы, знялі толькі ў канцы паходу. Не выключалі іх нават на ноч. З бартоў далін пачалі схадзіць лавіны. Перад начлегам на ледніку Каменным  рэзка скінуў заплечнік і … сышла лавіна за 500 метраў ад нас. Даводзілася быць вельмі асцярожнымі «.
«Падчас узыходжання абмаразіў твар. Калі рукі і ногі заўсёды можна сагрэць, то ветраахоўныя маскі перашкаджалі нармальна дыхаць на вышыні, даводзілася  іх здымаць…»
«Падчас абыходу чарговага скальнага прыціску  выкупаўся: паслізнуўся на тонкай палосцы  лёду і з усімі рэчамі апынуўся ў Мургабе. Пачало зацягваць пад ваду, але атрымалася выбрацца на плыткаводдзе. Панесла толькі лыжу і рукавіцу. Хлопцы дасталі вяроўку і выцягнулі на бераг. Добра, што ў заплечніку не было намёта і спальніка, да і дадатковая адзежа засталася сухой».
«Мы перасеклі Сарэзскае возера ў год адзначэння стагоддзя з моманту яго ўтварэння. Мясцовыя жыхары нават называюць дату — 7 лютага.
Возера нас не ўразіла. Мабыць, вінавата пахмурнае надвор’е. Горы адкрыліся толькі ў апошні дзень. Для сябе мы назвалі  возера «возерам разважанняў». Па баках возера не разгледзіш і не палюбуешся — туман, а ідучы некалькі дзён па роўнай паверхні, паспяваеш падумаць пра ўсё на свеце. Нават атрымоўвалася заснуць на хаду. На прывалах распавядалі сны. Першаму выдавалі плэер, каб не заснуў і сачыў за напрамкам «.
«У дзень узыходжання надвор’е было ідэальнае. Бязветрана і сонца. Вакол – шыкоўныя віды. Лёгка пазнаюцца пікі Камунізму, Каржанеўскага, Леніна, Савецкіх Афіцэраў. Вышыня амаль не адчуваецца. Асцерагаючыся карнізаў і баючыся падысці да краю купала, вяршыню праскочылі метраў на 300, што дазволіла нам палюбавацца пікам 26 бакінскіх Камісараў. «
«Раніцай ясна. Прыгожы пейзаж. Перашкаджаюць падвойныя чаравікі з бахіламі, па адчуванні, прымерзлыя  да ступні. Спробы адагрэць ногі рухамі  нічога не даюць. Хутчэй збіраемся і выходзім насустрач сонцу».

Еще интересные статьи

1 комментарий

Игорь, вы молодцы, такого не повторить. Мы пытались в этом году, просидели в снегопаде на плато и даже не дернулись. Не пустила.

Добавить комментарий