Loading...
АльпинизмВсе новости

Маё мастацтва ўціхамірвання

Эльбрус у промнях сонца

Дзесьці год назад я натыкнулася ў сеціве на артыкул альпініста Грэга Чайлда з назвай “Мастацва ўціхамірвання”. Гэты жывы, дасціпны і цікавы артыкул пачынаўся з невялікай лекцыі пра тое, што такое ўціхамірванне па Чайлду: “Любы добры альпініст ведае, што асноўны навык, неабходны для ўзыходжання ў гарах, – гэта мастацтва ўціхамірвання. Я кажу пра здольнасці лезці, хапаючыся зубамі, пазногцямі за мох, траву ды іншыя “адкіды” альпійскага ландшафту. Пракладаць свой шлях па скале, якая нагадвае пастаўленыя адна на адну кухонныя шафы, злепленыя паміж сабой жукамі, птушкамі і дзярмом кажаноў. Гэта дзюльфера на рыпучых круках, якія тырчаць з забітых граззю шчылінаў, па сцяне, дзе ніхто не лазіць, дзе камяні рыкашэцяць каля вас, выбухаючы невялікімі рознакаляровымі бліскавіцамі. Уціхамірванне – гэта значыць звярнуцца клубком, як пацук, на выбоістым выступе і дрыжаць усю ноч без спальнага мяшка. Гэта пра тое, калі гавораць “занадта горача”, “занадта холадна”, “занадта галодны”. Гэта жыццё ў падобнай да турэмнай камеры палатцы з устойлівым пахам ліпкіх, смярдзючых, потных целаў, смуроднага дыхання і біялагічна небяспечнай ніжняй бялізны. Гэта прабірацца, абціраючы соплі, па калена ў снезе ў моцны дождж, сагнуўшыся пад грузам, які выклікае грыжу. Гэта пузыры на нагах, вусны, якія патрэскаліся, і рукі гобліна”.

На момант прачытання артыкула я ўжо трызніла гарамі, і такое сакавітае апісанне жыцця альпініста ў гарах толькі падагрэла маё жаданне дабрацца да сваёй першай вяршыні! А сама мара радзілася ў траўні мінулага года, калі на мінскім скаладроме тады яшчэ незнаёмы мне дзядзька, Корбут Фёдар Сямёнавіч, прапанаваў адправіцца на Каўказ. Дыялог быў кароткі:

—         Жадаеш паехаць летам у горы?

—         Так! – не думаючы, паведаміла я.

У гэты ж дзень я тэлефанавала Лене Вераценнікавай, каб параіцца: ублытвацца мне ў гэтую прыгоду ці не? Я ведала, што наш скалалазны чэмпіён Лена дапаможа мне прыняць рашэнне. Лена, зразумела, маё жаданне здзейсніць альпінісцкае ўзыходжанне падтрымала, але яна сумленна прызналася, што ў мяне пакуль не хапае фізухі, каб учыняць такія сур’ёзныя спартыўныя справы.

—         Бегай, — прапанавала яна.

І я пабегла. Так, раней мне было цяжка і тралейбус дагнаць: некалькі метраў і я ўжо выплёўвала лёгкія на асфальт. Але бегавыя трэніроўкі зрабілі сваю справу: арганізм стаў мацней. І яшчэ мне дапамагалі штотыднёвыя скалалазныя трэніроўкі. І з кволага хлюпіка, чыё спартыўнае жыццё зводзілася да прагляду снукернага чэмпіянату па канале “Eurosport”, я пераўтварылася ў спартыўнага чалавека, якога не шкада і ў горы адправіць. У чэрвені 2013 маё імя ўжо значылася ў спісах удзельнікаў альпінісцкага паходу “Выспа-2013” пад кіраўніцтвам Корбута Ф.С. Перад тым, як адправіцца ў горы, кожны ўдзельнік павінен быў наведваць сходы, дзе нас падрыхтоўвалі да жыцця ў гарах. Мне і маім новым калегам уручылі вялізныя спісы, дзе красаваліся назвы патрэбнага начыння. І пасля першага схода маё жыццё закіпела: я ліхаманкава пачала думаць аб тым, дзе дабыць патрэбнае начынне, якога ў мяне няма. Аб фізічнай падрыхтоўцы я паклапацілася, але вось з  амуніцыяй дала маху: з усяго спіса ў мяне на руках былі толькі заплечнік на 70 літраў ды шматфункцыянальная куртка. І вось я сутыкнулася з праблемай: рэчаў патрэбна многа, але “финансы поют романсы” – трэба неяк круціцца! Тут падключыліся да маіх збораў розныя рабяткі, знаёмыя і не вельмі. Лена дала мне налобны ліхтар, яе сябар Валера Марчук выдзеліў дзеля мяне акуляры з моцнымі фільтрамі і дастаў невядома адкуль прафесіянальны альпінісцкі шлем. Корбут Ф.С. падабраў сапраўдныя вібрамы! А за кілімок і спальнік я павінна падзякаваць Сабалеўскаму А.А. Некаторыя прычындалы я зрабіла сваімі рукамі: сшыла сабе бахілы і перакроіла свой паўсядзённы заплечнік у штурмавы, а з сядушкі былі зробленыя выдатныя сцілкі для вібрамаў. Тут варта ўспомніць і Лену Кастэнку, і Надзю Адамейку, і Валю Мычко, якія таксама актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўчым этапе паездкі!

І вось я стаю ўкамплектаваная і шчаслівая 3 ліпеня 2013 года на вакзале. Цэнтральная плошча чыгуначнага вакзала заваленая заплечнікамі і поўная людзей – гэта мы, навічкі, значкісты і разраднікі, адпраўляемся на Каўказ! Гэты момант радасці прыйшла раздзяліць са мной Надзейка, якая спякла мне ў дарогу шакаладны пірог. Ну што можа быць лепей: набліжацца да запаветных гор і жаваць смачны пірог?

Дабіралася наша каманда да Невіннамыска на цягніку цэлых паўтара дня! Пятага чысла мы былі ў горадзе, адкуль нас забралі каларытныя аўтобусы з вадзіцелямі мясцовага разліву. Для нас для ўсіх быў той яшчэ атракцыён катацца па горных дарогах: напрыклад, шлях ад пагранічнай заставы да лагера “Узункол” ніколі не будзе забыты: тыя вузкія мосцікі, шырыні якіх як раз і хапала, каб няшчасны аўтобус з шумлівым народам не перакуліўся ў горную рэчку, ці дружны выхад з аўтобуса дзеля таго, каб той змог ускарабкацца на горку. Базавы лагер “Узункол”, які раскінуўся на вышыні ледзь болей за 2000 метраў, сустракаў гасцей увечары:  і першае, што мы зрабілі, гэта арганізавалі палатачны лагер. Зрэшты, упершыню я ставіла палатку, аказалася, што гэтая справа даволі простая.

— Вы павінны прынесці нам сонца! – так нас сустрэлі рабяты, якія ўжо абжыліся ў лагеры і пакутавалі ад пастаянных дажджоў.

І мы сапраўды яго прынеслі: з наступнага дня ў лагеры пачало панаваць звычайнае надвор’е, калі ў першай палове дня паліць сонца, а ў другой ходзяць аблокі, часам абліваючы нас дажджом. Варта адзначыць, што я не змагу апісаць падрабязна кожны дзень сваіх прыгод, бо апавяданне зацягнецца на сотні старонак! У гарах кожны крок чарадзейны, нават звычайная чыстка зубоў ператвараецца ў нейкае таемства, калі ты раніцай напаўсонны пляцешся з гігіенічнымі штукамі да ручая, разганяеш шчоткай апалонікаў і задуменна драіш зубы, і цешышся спакойнымі гарамі… Пагэтаму спынюся на самых яскравых падзеях майго новага спартыўнага вопыту. Вядома, успомню наш акліматызацыйны выхад да начлегу Чад-Башы. 6 ліпеня каманда дружна затупала прэч з лагера насустрач вышыні 2870 метраў. Пасля некалькіх сотняў метраў стараннага тупання з наборам вышыні некаторыя ўдзельнікі пачалі мучыцца ад стомленасці, але, як нядзіўна, я была бадзёрая як маргарытка і магла яшчэ тупаць і тупаць далей. Да начлегу дабраліся ўсе разам: вось і першая перамога над вышынёй. Тут нас упершыню навучылі карыстацца ледасекам, тут мы ўпершыню скакалі па марэнам, больш за тое: вярталіся мы ў лагер у жудасных пагодных умовах, што яшчэ больш ускладніла наш выхад. Тут жа мы ўпершыню навучыліся секчы рантамі ботаў ступені ў снезе. Зрэшты, у навічкоў, ёсць традыцыя загадваць жаданне на першым снезе, але пра гэта мы даведаліся потым, калі мы ўжо паспяхова прайшлі праз снежны востраў!

DSC04066

Шлях да начовак Чад-Башы
Шлях да начовак Чад-Башы

Там лилии цветут...

Апошнія трыста метраў майго спуску з начлегу даліся мне цяжка: жудасна разбалелася баявая рана ў калене ды і настрой пагоршыўся. Але ззаду напіраў Дзіма, які загадаў мне ісці наперад і “быць мужыком”! Так, менавіта ў гэты дзень у мяне з’явіліся новыя сябры, з якімі, я ўпэўнена, схаджу яшчэ не ў адзін альппаход! Пасля ўзыходжання народ кінуўся мыцца, я ж мяшком упала на ганку хаты, дзе сядзелі альпіністы і кпілі з нас:

— Сціраеце бахілы? Нічога, яшчэ пяць дзён і вы зразумеце, што гэта марная праца, яшчэ і галаву перастанеце мыць!

Зрэшты, гэтыя слаўныя дзядзькі-альпіністы дапамагалі нам ў лагеры: то па слэку паводзяць, то гісторыю распавядуць, то навучаць якой-небудзь добрай справе. Наступныя дні былі занятыя трэніроўкамі з інструктарамі. Працавалі з вяроўкамі: вучыліся іх маркіраваць і бухтаваць, вязаць асноўныя вузлы. Нас як салдат прымушалі хутка апранаць і здымаць сістэму. Ды мяне зараз нават ноччу разбудзі, васьмёрку завяжу з закрытымі вачамі! Вось так!

Асабліва запомніліся нашы скальныя заняткі: мы нават умольвалі пра дадатак! За ўвесь сезон нам удалося правесці толькі тры заняткі, але на розных рэльефах з рознай складанасццю. Уф, я, вядома, выцісну з сябе банальнасць, але лажанне на скаладроме непадобна да лажання па прыроднаму рэльефу. Дзіўнае пачуццё перапаўняе мяне, калі я лезу па рэальных скалах і ліхаманкава шукаю зачэпку, менавіта на скалах я, нарэшце, праявіла характар байца і лезла з шыпеннем уверх. Надзвычайнае адчуванне дораць скалы!

Трэніроўка

Але весялей лажання па скалах можа быць толькі дзюльфер! Спачатку мы гэтаму прыёму вучыліся, прывязваючыся да ствала дрэва і крочачы павольна з невялікага склону. А потым нас чакаў трэніровачны дзюльфер з невысокіх скал. Калі я спускалася на сваім першым дзюльферы, то ўспамінала жарт: “Сапраўдны альпініст не спускаецца з лесвіцы, ён з яе дзюльферуе”.

DSC04374

Прыгажун Далар
Прыгажун Далар

Пасля шасці дзён працы з вяроўкамі, вузламі, скальнымі маршрутамі і іншымі альпінісцкімі хітрасцямі нас чакаў першы выхад на бівак.

11 ліпеня наш палатачны лагер ажывіўся, таму што пачалася неспакойная падрыхтоўка да штурму першай вяршыні. Сумленна прызнаюся, што збірацца і ісці кудысьці з лагера не хацелася, але мінула некалькі хвілін бегання з рэчамі туды-сюды, і я цалкам уцягнулася ў працэс і чакала таго моманта, калі ўжо змагу закінуць свой рукзак за плечы ды адправіцца ўверх! Заплечнік быў забіты ўсялякім неабходным стафам: ліхтар, запасное адзенне і абутак, пухоўка, жалеза і сістэма, кілімок, сідуха, спальнік і ледасек. Цягнуць цяжкі заплечнік па раўніне – тое здавальненне, напэўна кожнаму з нас прыходзіла думка: “А што я тут забыў? Я мог глядзець любімы серыял дома!” Але не! Мы маўчым і тупаем да сваёй першай вяршыні – мастацтва ўціхамірвання… Павольная хадзьба па раўніне да першых начовак, Бярозак, заняла амаль тры гадзіны. Дарога была прыпраўлена ручаямі, брудам, які чвякаў пад нагамі, і камянямі – даволі просты варыянт падыходу да начовак, як потым высветлілася.

Надзейны мост
Надзейны мост

Ура, а вось і наш першы бівак! Мы арганізоўваем лагер, шукаем дровы і разводзім вогнішча. Рыс і макароны такія смачныя пасля доўгай хадзьбы! Тут, у Бярозках, мы адчулі, як гэта: трэсціся ў сістэме ўтраіх у мокрай палатцы, а раніцай чартыхацца з-за таго, што болей не засталося ні адной сухой шкарпэткі. Але аўсянка з разынкамі і цёплая гарбата бадзёрыць жыхароў лагера, і мы зноў гатовыя зварочваць бівак і крочыць да новых начовак!

Хутка аказалася, што шлях да Бярозак быў самай простай размінкай у параўнанні з дарогай да другога бівака! На гэтым этапе нашага падарожжа нас чакаў проста ашаламляльны набор вышыні, здавалася, што склон стаяў перпендыкулярна зямлі. Кожны прывал быў паратункам: можна было скінуць мокрае адзенне, зрабіць глыток вады і пажаваць фінік. Яшчэ бадзёрасці дадавалі каровы! Яны, як заядлыя альпіністы, дружным шыхтам крочылі перад намі, а мы спрабавалі іх дагнаць і трымацца так жа прафесійна.

Жудасна стомленыя, мы разбілі другі бівак. Час адпачываць ў свежаўсталяванай палатцы? Ды не, час для снежных заняткаў, без якіх навічкі не змогуць выйсці на першую вяршыню. Прыйшлося скінуць з сябе стомленасць, страпянуцца і адправіцца праз аблокі і дождж да снежніка. Перад снежнай плямай нашу групу спыніў ўзмацніўшыся дождж, які мы моўчкі перачакалі. Як толькі дождж стаў слабей, калектыў пачаў рухацца наперад. Снежныя заняткі былі захапляльнымі! Усім спадабалася тэхніка засякання ледасекам, і кожны з радасцю спрабаваў паўтарыць яе зноў і зноў. Вучыліся секчы ступені ў снезе, вывучылі трохтактавую тэхніку пад’ёму. А вось спуск запомніўся яшчэ больш. Ну каму спадабаецца секчы пяткамі ботаў ступені ў снезе, калі ёсць класная і вясёлая тэхніка глісіравання па снезе? На сам рэч апошняе выкарыстоўваюць вельмі рэдка. Трэнер паведаміў, што нават майстры спорту не карыстаюцца глісерам, таму што можна лёгка правароніць трэшчыну…

Наступны дзень нашага знаходжання на другім біваку быў знамянальны: 13 ліпеня 2013 – гэта не толькі наш першы штурм 3710-мятровай вяршыні Ак Тур, але і 60-годдзе пакарэння Эверэста. Пад’ём у чатыры гадзіны раніцы. Дрыжучы ад холаду, мы паспешна збіраем рэчы, упакоўваемся. Трэнеры папярэджваюць, што не пройдзе і дзесяці хвілін, як нам стане спякотна, так што лепей было б скінуць лішняе адзенне і застацца ў майках ды кашулях. Мы з неахвотай сцягваем з сябе цёплыя курткі і слаі штаноў… Але інструктары ведаюць, аб чым гавораць, і сапраўды праз некаторы час пасля нашага выхаду з бівака стала дужа спякотна! Вось ужо ў ход пайшлі і крэм ад загару, і акуляры з моцнымі фільтрамі, таму што сонца ў гарах вельмі каварнае, і варта загадзя паклапаціцца аб сваіх вачах і аб сваёй скуры. Ад бівака мы жвава, хвілін за 45, падняліся к марэнам, тут мы наладзілі невялікі прывал, таму што ўбачылі незвычайную карціну: у аблоках стаяў вялікасны Эльбрус. Гэта нейкая казка! Я нічога ў сваім жыцці больш цудоўнага не бачыла: застылая глыба, ухутаная ў снег і аблокі. Гэта гара абдорвала супакоем, цярпеннем і мірам… Тут яшчэ раз задумаешся аб моцы прыроды! Вось яшчэ трыццаць хвілін прабеглі, і наша група стаіць перад сваім першым рэальным снежнікам. Мы акуратна сячэмступені адзін для аднаго. “Кожны наступны чалавек павінен рабіць ступень лепш, а не рабіць яе горш”, — круціліся словы інструктара ў галаве, і я рупліва б’ю рантам вібрамаў па снезе. На гэтым участку некаторыя з нас паспелі рассмакаваць свае навыкі ў засяканні ледасекам. Снежнік мы прайшлі даволі хутка, як аказалася потым, гэта быў найбольш цяжкі ўчастак нашага маршрута, і менавіта яго пераадоленне і вырашала нашы шанцы на ўзыходжанне. Пасля снежніка нас чакаў адпачынак: глыток цёплай гарбаты і ўпакоўка сябе ў сістэму. Калі я ўбачыла скалы, па якім мне трэба было зрабіць траверс, то я адчула нейкую паніку, змешаную з разгубленасцю. Сур’ёзна? Мне трэба туды ісці? Але, калі заўважыла, што Саша, мой звязак, спакойны і настроены, здавалася, флегматычна, то я адразу супакоілася. І мы ўпэўнена пакрочылі. Вось яны, жывыя скалы! Трэба быць цярплівым, спакойным і акуратным, каб паспяхова перасекчы ўвесь скальны маршрут. І галоўнае – упэўненая праца ў звязку, што я і атрымала! Я, напэўна, не буду падрабязна апісваць наш траверс, таму што пасля пераадолення 2А маршрута, я зразумела, што першы траверс быў проста лёгкай прагулкай. Гэта, можа, выглядае занадта нахабна з боку галапупка, але гэта тое, што я думаю: прагулка, але прагулка, якая патрабуе ўвагі і дакладнай працы двух чалавек.

Пасля праходжання скальнага ўчастку нас чакаў працяглы прывал, дзе мы падзаправіліся гаручым: цёплай гарбатай ды сумессю сухафруктаў і арэхаў. Застаўся апошні этап, які аддзяляў нас ад вяршыні, — гіганцкі снежнік. Зноў спакойная і добрасумленная праца ў звязку: ступенька, ступенька, яшчэ адна… Раптам з левага боку адкрылася дзіўнага блакітнага колеру возера, якое нагадала мне каштоўны камень. Яшчэ сотня метраў уверх па снезе і скалам і наш звязак далучаецца да іншых удзельнікаў узыходжання. На Ак Туры мяне ахапіла нейкая апатыя, толькі потым я змагла растлумачыць, што са мной здарылася. Для мяне горы – гэта цішыня, а не арабскі базар, які дваццаць чалавек устроілі на вяршыні Ак Тур. А пасля ўзяцця 2А я зразумела, што мяне вяршыні не цікавяць, вяршыня – гэта толькі мэта, магчымасць спыніцца і перавесці дух. А вось сам шлях да вяршыні больш захапляючы; пераадольваючы маршрут, адчуваеш увесь спектр эмоцый, тут табе забяспечаны эмацыянальнае ўзрушэнне і самота. Іншая традыцыя ў навічкоў – забіраць камень з першай вяршыні. Нават гэтага мне не хацелася рабіць, але маці вельмі прасіла, каб я ей прынесла яго. Мне ў руку ўсунуў два невялікіх каменьчыка Саша – праца ў звязку нават тут!

Спуск з вяршыні мяне ўзбадзёрыў, таму што зноў уключыўся ўвесь арганізм. Памятаеце тое блакітнае возера, якое я апісвала? Так вось менавіта туды наш звязак каціўся пасля няўдалых манеўраў на снезе! Буф, засекліся, вось першая вельмі адчувальная небяспека! Устаём і працягваем шлях да бівака. Спуск хутчэй праходзіць: мы выбіраем снежнікі і едзем з іх. Добра і тое, што нам вельмі пашанцавала з надвор’ем. Сонейка ўсміхалася, таму бадзёрасць і весялосць нам былі забяспечаны на працягу ўсяго маршрута. Толькі пры вяртанні на бівак нам пачалі пагражаць хмары.

Вось і бівак, нас сустракаюць разраднікі. Група ўзыходнікаў строіцца ў шарэнгу, нас вітаюць і! абліваюць вадою! Так вось ты якая, традыцыя пасвячэння навічкоў у альпіністы! Пасля радаснага прывітання і гарачай гарбаты прагнеш толькі дапаўзці да спальніка і адключыцца.

Наступны дзень абяцаў нам хуткае вяртанне ў “Узункол” і дадатковую порцыю шчаслівых выгукаў у гонар новаспечаных альпіністаў! Ужо ў лагеры інструктары і разраднікі арганізавалі дзеля нас традыцыйнае пасвячэнне ў альпіністы: кожны ўдзельнік узыходжання павінен быў адказаць на разнастайныя пытанні інструктара, а потым атрымаць закладкай па шлему і пацалаваць ледасек.

Увечары мы агульнымі сіламі арганізавалі для сябе святочную вячэру, віншавалі адзін аднаго з паспяховай перамогай і запраўляліся прысмакамі. Але часу для расслаблення не было, бо на 17 ліпеня 2013 было запланавана ўзыходжанне на вяршыню Кругагляд Мырды 2А цяжкасці. Выхад на бівак адбыўся 16 ліпеня, і ён выбіў нас з раўнавагі ўжо на першых кроках. Круты склон, цяжкія заплечнікі – усё гэта прымусіла нас моўчкі ныць і рабіць яшчэ і яшчэ адзін крок да мэты. У такія моманты ў мяне ўключаецца нейкая сіла, і я паўтараю сабе: “Вось зрабі яшчэ крок, а потым яшчэ адзін…” і гэтак далей, а там глядзі, і ужо бівак недалёка! Таксама калі вельмі цяжка ісці, то можна спяваць песню, а Віка, мая калега, напрыклад, чытала вершы – гэта надае сіл. Яшчэ незвычайнасць шляху заключалася ў тым, што прыходзілася прадзірацца праз кустоўе, закідваць ногі амаль не вышэй вушэй, каб потым ускараскацца на каменную ступень, і ўсё гэта ў тумане. “Малпачка” – так ахрысцілі гэтую частку маршрута. Мне здаецца, што гэта быў самы складаны пад’ём у маім кароткім вопыце ўзыходжанняў!

Малпачка
Малпачка

17 ліпеня наша маленькая група пад кіраўніцтвам Зайца Паўла Іванавіча а палове пятай гадзіны раніцы стартавала да піка Кругагляд Мырды. Хутка аказалася, што мы не адзіная група, якая зарэгістравалася на гэты пік, таму прыйшлося захоўваць чаргу і часта спыняцца з-за таганрогскай групы альпіністаў, якія не спяшаліся на вяршыню. Падыход да скальнага маршруту быў павольны, але кароткі і нічым адметным не адрозніваўся. Вось і традыцыйны прывал: пераапранаемся, упакоўваемся і разбіваемся на звязкі. У гэты раз я адправілася к вяршыні з Андрэем, з ім таксама мне спадабалася хадзіць, мы знайшлі агульную мову – так што звязак ў нас атрымаўся выдатны.

Ужо першыя крокі па скалах паказалі нам, чым 2А адрозніваецца ад 1Б. Гэта катэгорыя цяжкасці абяцае вам і дзюльфер, і лажанне па скалах. Гэта ўжо не тая прагулка-траверс, гэта ўжо практычнае прыкладанне ўсіх тых навыкаў, якімі мы паспелі абзавесціся на занятках.

Маршрут 2А цяжкасці Кругагляд Мырды
Маршрут 2А цяжкасці Кругагляд Мырды

Перамяшчаліся мы з напарнікам павольна, але сінхронна, пагэтаму не заміналі адзін аднаму. Я сачыла за кожным сваім крокам і за крокам напарніка, нездарма ён ішоў наперадзе і пракладваў лепшы шлях. Хутка мы сутыкнуліся з першым дзюльферам! Вось яны сапраўдныя ўмовы: трэба сабрацца і перастаць нервавацца.

—         Якая там вышыня дзюльфера? – цікаўлюся я ў Андрэя.

Той нахіляецца праз скальны грэбень паглядзець, колькі метраў праляцелі на вяроўцы калегі:

—         Метраў пяць…

—         Ладна, пяць – гэта ня многа, я здолею, — думаю я пра сябе.

Якая ж была, хм, мая радасць ці здзіўленне, не ведаю, як правільна назваць тое, што я адчула пасля таго, як праляцела замест пяцімятровага дзюльфера 20-мятровы! Але потым прыйшло ўсведамленне таго, што гэта сапраўдны дзюльфер, з якім я справілася! Ух ты! Я малайчына, нават не паспела піснуць ад нерваў!

Потым нас чакаў новы іспыт: участак з вольным лажаннем! Я сябе часта няўпэўнена адчуваю, таму з некаторай апаскай аднеслася да новай перашкоды. Але я бачыла добра, як спраўляюцца іншыя, і падумала: “А чым я горш?” І палезла ўверх. Андрэй страхаваў мяне і падбадзёрваў! Выдатная праца выйшла! Акрамя пад’ёму па скалах, нам прыйшлося спускацца вольным лажаннем. Таксама вельмі каштоўны вопыт! Знізу крычыць трэнер, які спрабуе падказаць, дзе зручна паставіць нагу, а зверху Андрэй, які выдае вяроўку. Пасля такога ўчастку мы сустрэліся з таганрогскай групаю, якая вельмі жыва справілася са скальным маршрутам. Я таксама паспела скінуць здаравенны камень на калегаў.

—         Камень! – крычу я ўніз ім.

Уверх адразу ж паварочваюцца азадачаныя твары, а камень ляціць прама на Дзіму, і той паспявае адхіліцца. Я дабавіла небяспекі ў нашу кампанію…Зрэшты, прагучыць даволі смешна, але ў гарах бывае чарга! Мы з рабяткамі гадзіну прасядзелі, пакуль дачакаліся магчымасці спусціцца са скалы к дзюльферу! Час з’ела тое, што папярэдняя група ставіла станцыю, поручні для дзюльфера, і пакуль кожны з’ехаў з пяцідзесяцімятровай вяроўкі…

Чарга да піка Кругагляд Мырды
Чарга да піка Кругагляд Мырды

Зборная Таганрога нам вельмі дапамагла, гэта ж яны круцілі станцыю і працавалі з вяроўкамі, і з’язджалі мы па таганрогскім вяроўкам. Таксама іх трэнер, Гарышны Валерый Анатольевіч, кіраваў намі і сачыў, каб мы не забіліся на небяспечным спуску, дзе мы вымушаны былі спускацца на дзюльферы па кулуары, дзе часта сыпаліся камяні. Вось гэты доўгі дзюльфер быў апошнім іспытам на шляху да вяршыні, потым паўгадзіны ходу па сыпусе і скалам, і мы ўжо на вяршыні Кругагляд Мырды. Тут нас чакаюць рабяты са зборнай Таганрога, яны ўжо паспелі падсілкавацца і ляжаць у лёгкай паўдрымоце.

На самай справе кругагляд... (Від з піка Кругагляд Мырды)
На самай справе кругагляд… (Від з піка Кругагляд Мырды)

Некаторы час у нас сыходзіць на гутарку. Я чалавек вельмі маўклівы, але такія рэчы, як размова з незнаёмымі рабятамі, з якімі мяне яднаюць спорт ды горы, вельмі люблю! На другой вяршыні я была больш жывой, усё-такі адбіўся на мне маршрут і яго незвычайнасць. Настрой быў прыўзняты, і я жадала паўтора! Але час спускацца да бівака… Мы жывыя і задаволеныя вярнуліся на бівак, таму што нам выдалася магчымасць пракаціцца па дробнай сыпусе адзін за адным! Гэта нешта неверагоднае, калі твае ступні заглынаюць дробныя каменьчыкі і вымушаюць цябе спаўзаць уніз. Павел Іванавіч расказаў, што такіх месцаў шмат у Безенгах. 18 ліпеня ўдзельнікі ўзыходжання на Кругагляд Мырды вярнуліся ў лагер “Узункол”. А 19 ліпеня некаторым экс-навічкам выдалася магчымасць прыняць удзел у штурме піка Узункол.

19 ліпеня. Пад’ём у тры гадзіны раніцы ці ночы, цяжка казаць… Жадання ісці куды-небудзь, тым больш уверх, зусім няма. Зрэшты, самаадчуванне ў мяне было дрэннае: я сумнявалася ў поспеху свайго ўзыходжання, але вырашыла дайсці да першага прывала і там ужо вырашыць: ці спускацца назад, ці паднімацца далей. Надвор’е нас не падтрымлівала: дробны дождж, туман. Але ўсе шлі, спадзяючыся, што вышэй нас сустрэне сонца і туман расступіцца. Гналі нас разраднікі да бівака дык вельмі моцна! Мы былі шакіраваны тэмпам хадзьбы, але цярпелі і стараліся ўгнацца за лідэрамі. А ззаду нас падганяў мясцовы сабака, які, здавалася, вырашыў разам з намі атрымаць кніжку альпініста. Калі прайшлі бівак, мы збавілі тэмп, таму што раўніна саступіла месца добраму пад’ёму. Менавіта гэта і дало мне моцы: я вырашыла ісці далей. Пад’ем быў дзіўным: нам трэба было прабірацца праз зараснікі рададэндранаў, якія ва ўмовах высокай вільготнасці з’яўляюцца пагрозай. Вільготныя рададэндраны і няўдалае перамяшчэнне маглі прывесці да бяды. Таму ў гэтых зарасніках мы рухаліся марудна і асцярожна. Потым нас чакалі марэны, на якіх я адчуваю сябе вельмі няўпэўнена. Не люблю іх ні ў якім выглядзе: ні ў сухім, ні ў вільготным… тут наш тэмп яшчэ больш зменшыўся, таму што ўсе задумаліся над тым, што ўжо час зварочваць назад. Нават псіна палічыла, што мы вар’яты, раз так упэўнена караскаемся ўверх, і пакінула нас.

Інструктар вырашыў устроіць перакус і пачакаць, а можанябёсы будуць да нас добразычлівымі і парадуюць промнямі сонца. Мы селі на камянях, весела вывернулі свае заплечнікі, з якіх высыпаліся розныя прысмакі. Вегетарыянцы жавалі сыр і перац, астатнія – кілбасу і сала, а на салодкае нас усіх чакалі халва, сухафрукты, арэхі, шакаладкі… Можаце сабе ўявіць, як гэта здорава: у вялікай кампаніі на вышыні больш, чым 3000 метраў, у тумане балбатаць і жаваць арэх?Ежа ежай, але перад намі адкрыўся дзіўны від, гэта нават цяжка перадаць словамі!  Паўсюль аблокі, а пасярод іх выплываюць вяршыні гор; і ты губляешся і не разумееш, дзе зямля. Здаецца, што лунаеш у бязважкасці!

Лунаючая вяршыня
Лунаючая вяршыня

Хутка запасы ежы скончыліся, і народ пачаў мерзнуць. На жаль, туман як вісеў малочнай заслонай навокал нас, так і працягваў вісець. Мы зразумелі, што неабходна вяртацца ў лагер, на сёння ўсе ўзыходжанні скончаны. Успомнілі Меснэра, які пакарыў усе васьмітысячнікі, дзякуючы таму, што ўмеў своечасова развярнуцца і адмовіцца ад штурма вяршыні ў паганае надвор’е. Трэнер падбадзёрваў нас і паўтараў, што у ні якім разе не варта расстройвацца з-за таго, што надвор’е зламала планы. Ды дзе ж тут расстройвацца?! Прыемная кампанія, балбатня, горнае паветра і цудоўныя пейзажы вакол, толькі паспявай круціць галавой!

Неўзабаве пасля нас у лагер вярнулася іншая група, якая таксама не прайшла свой маршрут. І вось усе пачалі разумець, што хутка прыйдзецца развітвацца з гарамі… У апошнія дні знаходжання ў лагеры я адчувала радасць, перамяшаную з сумам: я ў гарах з выдатнымі рабяткамі, але ўжо хутка нічога гэтага не будзе.

20 ліпеня было вырашана адправіцца да даламітавых азёр. Але мне хацелася супакою і адзіноты ў лагеры, таму я засталася ў “Узунколе” з Вікай ды Сашай. Гэта быў сонечны і лянівы дзень. Мы гатавалі суп, збіралі чабор і ляжалі на беразе горнай рэчкі… Было так хораша ў пустым лагеры і не хацелася нікуды рухацца.

21 ліпеня. Раніца. Час пакаваць рэчы, сушыць палаткі ды ў шлях. У беганіне сярод рэчаў, людзей няма часу сумаваць. Ды і наогул маркота мяне ахапіла толькі ў цягніку: тут ўжо зразумела, што наша раўнінная Беларусь блізка…

У аўтобусе, які вёз нас з памежзаставы, было даволі шумна, усе ўспаміналі свой прыезд у “Узункол”: той жа каларытны вадзіцель, тая ж самая мясцовая музыка, якая раўла на ўвесь салон. З намі разам ехаў украінскі альпініст, які не даваў нам сумаваць, і на працягу ўсяго маршрута распавядаў розныя байкі з свайго прафесійнага альпінісцкага жыцця.

Вакзал. Цягнік. Надыходзячая маркота. І 23 ліпеня нас сустракала родная раўніна. І як змірыцца з тым, што год прыйдзецца жыць без гор і нашай дружнай кампаніі?

Захад

Аўтар: Александронец Ганна

Еще интересные статьи

Добавить комментарий
Выбор редакции