Выспа-2014. Безенгі.

Калі вам падабаецца бінтаваць мазалі на нагах, то альпінізм гэта для вас.

Калі вам падаецца ўбегаць ад камянёў, якія падаюць са скалы, дык альпінізм гэта для вас.

Калі вам падабаецца 15 гадзін знаходзіцца ў стане напружанай фізічнай нагрузцы, дык альпінізм гэта для вас.

Калі вам падабаецца стаяць на дыбачках на сумніўнай скальнай паліцы, дык альпінізм гэта для вас.

Калі вам падабаецца…

Вядома, мне гэта ўсё падабаецца, інакш мяне не было б на вучэбна-спартыўным зборы “Выспа-2014”, якім кіраваў Корбут Ф.С. Збор праходзіў з трэццяга па дваццаць сёмага жніўня ў альпінісцкім лагеры “Безенгі”.

Што ж, я зноў ублыталася ў гэтую спартыўнаю авантуру, і зараз ні кроплі не шкадую!

Аўтар: Александронец Ганна.

Фотаздымкі: Пячко Андрэй.

Частка першая. Лагер.

Натуральна з першага дня знаходжання ў лагеры пачалося актыўнае яго параўноўванне з мінулагоднім лагерам “Узунколам”, дзе я атрымала значок. “Узункол” зараз здаецца такім хатнім,  утульным, спакойным альплагерам. “Безенгі” ж  уражваюць сваім маштабам, суровасццю, і, мяркуючы па камфорце, які створан тут, жыццё ў лагеры кіпіць цэлы год.

DSC08822

Мабыць, з-за таго, што ў мінулым годзе мне не даводзілася сутыкацца з надзвычайнымі выпадкамі ў гарах, дык менавіта пагэтаму мяне так здзівілі безенгійскія верталёты, на якіх ратавальнікі дабіраюцца да пацярпелых альпіністаў. Вось адна з нагод лічыць гэты горны раён суровым ды не вельмі гасцінным – занадта часта даводзілася сачыць, як чарговы верталёт спяшаецца на дапамогу.

DSC09336

Напэўна, не памылюся, калі скажу, што цэнтральным месцам лагера, дзе разгортваюцца пасляальпінісцкія падзеі, з’яўляюцца яго бары. Тут збіраюцца альпіністы, ядуць, п’юць, весела балбацяць. Адзінокія могуць узяць кнігу ці паглядзець ТБ. Калі вы можаце граць на піяніна, дык,  мусіць, яно стаіць там дзеля вас. У бары знойдуцца для ўсіх жадаючых розныя гульні.

Дарэчы, у барах ладзяць усялякія мерапрыемствы: была выстава карцін, я прыстунічала на лекцыі па горнаму рэльефу, якую праводзіла хімік-геолаг. Так што тут усё гарманічна: папрацаваў, паеў, акультурыўся, і зноў паеў.

Але больш за ўсё цешыць атмасфера сяброўства і ўзаемаразумення: заходзіш у бар, а там хтосьці гучна разбірае сённяшні маршрут, ці спрачаецца аб нечым важным з суразмоўцам, ці проста травіць жарт. Добра было дні церці,падслухваючы размовы больш пракачаных альпіністаў, чым я, або назірая за сям’ёй альпіністаў, дзе глава сямейства вучыў жонку і сына вязаць вузлы.

Ды і наогул спартыўная атмасфера, у прыватнасці альпінісцкая, яна асаблівая, гэта атмасфера, якая падбадзёрвае, вылечвае, дае моц і надзеі.

 

Частка другая. Трэніроўкі.

І нават не думайце, што вас адпусцяць на маршрут без праходжання цыкла альпінісцкіх трэніровак. З першых дзён удзельнікі збора ўспаміналі, а нехта вучыў, як вяжуцца тыя ці іншыя вузлы, якім спосабам можна завязаць абвязвальную вяроўку.

Некалькі дзён мы правялі на скалах, адпрацоўваючы тэхніку скалалазання. Ух, гэта былі зухаватыя заняткі!

Калі перасекчы раку, якая бяжыць уздоўж лагера, то можна патрапіць да дліннай і высокай скальнай сцяны, дзе прабіты скалалазныя маршруты рознай складанасці.

Захапляюся скаламі, і лазіць па ім адно задавальненне, зразумела, змяшанае са страхам. Нарэшце я паспрабавала лазіць з ніжняй страхоўкай. Вядома, першая імітацыя лазання з такім тыпам страхоўкі была не надта прыбліжана да рэальнасці: калі я магу зручна ўстаць на паліцы і прашчоўкнуць  вяроўку ў адцяжку, гэта не голая сцяна з мізэрнымі зачэпкамі, дзе неабходна стаяць на дыбачках і выцягваць 50-мятровую вяроўку зубамі, каб арганізаваць сабе страхоўку.

DSC08962

Асаблівую весялосць даставіў жумар. Шчыра спадзяюся, што жумарыць мне ў жыцці больш ніколі не прыйдзецца. Я змагла на трэніроўцы падняць сваё цела ад зямлі толькі на метр, пасля чаго я сустрэлася з карнізам, і, мабыць, поўгадзіны правісела, як нейкае насякомае, спрабуючы правесці жумар за карніз. Хто меня только не піхаў знізу, зверху, але шоў закончылася поўным правалам і вечнай панікай, якая зараз ахоплівае мяне пры выглядзе жумара.

Дзікусар Е.А., наш другі інструктар, спрабаваў вывучыць нас магіі: арганізоўваць пераправу праз раку. Дагэтуль лічу, што гэта сапраўднае чарадзейства: гэтая складаная сістэма з карабінаў, вузлоў, вяровак, арганізаваная на адным беразе ракі, нейкім дзівосным чынам разбураецца і вяртаецца да альпіністаў, якія ўжо паспяхова перабраліся праз раку.

 

На травяніста-камяністым схіле каля лагера мы адпрацоўвалі навыкі хаджэння ў звязках.

Былі ў нас і лёдава-снежныя заняткі, дзеля чаго мы і сыходзілі на два дні да ледніка Міжыргі. Гэта быў забойны пад’ём: быў першы ў гэтым сезоне паўнюткі заплечнік, узлёт, 30-60-хвілінныя перагоны. Але варта было цярпець усё гэта, каб дабрацца да начлегу, які нагадваў футбольнае поле, праўда, акружанае высокай скальнай сцяной, марэнай, а насупраць начлегу ўзвышаліся горы, сярод якіх быў чароўны пік Дых-Таў. Я да заходу сонца прасядзела на камяні, любуючыся снежнымі верхавінамі, нават слёзы пусціла ад велічнасці і грандыёзнасці гор.

Раніцай нас чакалі заняткі на ледавіке. Тут вакол снег, лёд, камяні, якія знерухомелі на ледзяных стаўбах. Замерзлая вада спярэшчана барознамі, якія складаюцца ў фантастычныя малюнкі; колер лёду переліваецца ад белага да ружовага ці блакітнага. І па такой прыгажосці нам прыходзілася лазіць у кошках, у такім незвычайным кутке нас вучылі карыстацца ледабурамі і іншымі прымочкамі.

DSC01037 DSC00978

 

Дарэчы, упершыню я прымерыла кошкі. Весела было ў іх забірацца па стромкай снежнай сценцы, праўда, невысокай: гэта магія – стаяць на вертыкальнай сцяне толькі дзякуючы пярэднім зубам кошак і ледасеку! Аднак калі прыйдзецца лезці па 300-мятровай вертыкальнай сцяне, тады будзе не да весялосці…

У гэты дзень мы вярнуліся ў лагер. Давялося ісці ў цемры, ух, і нацярпелася я тады: ныла калена, якое я разбіла, жвава скочучы па марэне, ды і псіхалагічна цяжка было спускацца ў змроку. Я так да лагера не дайшла: рухнула прама за некалькі метраў ад яго. Цягнуў мяне да лагера амаль за валасы Саша, галоўны чалавек у нашым звязку.

З духу выбілася так, што адмовіла сама сабе ў назіранні за поўным месяцам і Персеідамі, якія актыўна сыпалі ў гэтую ноч.

Зараз у нас застаўся только адзін дзень адпачынку да выхада да начлегу “Цёплы куток”. Гэты дзень я правяла на славу. Раніцай застала месяц, святло якога размалявала пік Гестала ў нежнаружовы колер. А нашыя суседзі, якія ад’яджалі дамоў, пакінулі нам баклажаны, мой любімы прысмак, які мы стушылі. Здаецца, я з’ела цэлае вядро гэтага ласунка. Акрамя таго, мы частаваліся кавуном. Свята жывата – тое, што патрэбна перад сур’ёзным выхадам!

Частка трэцяя. Узыходжанні.

Згодна з планам мы павінны былі спыніцца ў “Цёплым куце», там разбіць бівак і жыць дзён пяць-шэсць і падняцца на вяршыні: Гідантаў 1Б, Гідантаў 2А і Малы Укю 2Б. Аднак планы пашырыліся да штурму Вялікага Укю 2А.

Нас папярэдзілі, што дарога да начлегу будзе не з лёгкіх, але я не была падрыхтавана да такога! Я з ціхай панікай перабралася праз мост, хаця загадзя сябе рыхтавала да таго, што перакульнуся ў раку на гэтай драўлянай канструкцыі, якая, мякка кажучы, не выклікала даверу. Ну вось, адзін з страхаў пераадолен, хаця мы не прайшлі і пяці хвілін ад лагера…

DSC08277

Потым нас чакаў спакойны пад’ём па жывапісным мясцінам: злева вадаспады, справа зялёныя дываны, наперадзе снежныя верхавіны, а сонца не спрабуе нас спаліць – усё добра. Я ўжо расслабілася, бо пагрозы інструктара не здейсніліся. Але пасля паўтары-дзвюх гадзін ходу нас сустрэла такая добрая вертыкальная сцяна з прабітай сцежкай уверх. Нда, а вось і яна, абяццаная “малпачка”! Нам, зразумела, потым было весела ўспамінаць гэтую сцежку жартамі з серыі: “пад’ём да начлегу выдаўся больш цяжкім, чым штурм вяршыні”, але пакуль я ішла ўверх, думала, як я буду з цяжкім заплечнікам вяртацца ўніз: тое яшчэ прадстаўленне атрымаецца…

Недалёка ад бівака, пасля “малпачкі”, стаіць хаціна – невялікі дом, дзе ёсць розныя патрэбныя рэчы. Тут можна скарыстацца гарэлкамі, паспаць. Тут лепш за ўсё заправіцца вадой, перавесці дыханне і пераадолець апошнія прыступкі да бівака.

DSC08405

7 гадзін мы патрацілі на падыход да “Цёплага кута”, переаадолелі амаль кіламетровы ўзлёт.

Настрой мой пагоршыўся, заўтра запланаваны штурм, а я ў роспачы і нічога добрага не чакаю ад гэтай думкі. Нават мясцовы краявід мне здаецца сумным: пясок, прыпраўлены камянямі, і брудная рака побач. Цэлы вечар у маёй галаве круцілася пытанне: што я тут раблю? Але на яго можно дакладна адказаць толькі на прыгожым маршруце, ці пасля спуска на бівак з толькі што пакоранай вяршыні, ці ў лагеры, калі ты ўжо сыты, задаволены і адпачыўшы…

DSC08459

14 жніўня, трэніравальнае ўзыходжанне на Гідантаў (4160 м) 1Б. Пад’ём у 3.30 – мая любімая частка: тут жалезная сіла волі прымушае выбрацца з цёплага спальніка ў цемру і холад. Сняданак моцна расцягваецца, таму мы выходзім з бівака толькі ў 5.00.

Падыход да маршрута пачынаецца з пад’ёму па камяням, якія імкнуцца ўпасці каму-небудзь на нагу, якія паўзуць некуды ад малейшага дотыка. Гэтае агрэсіўнае каменне паўсюль! Вось ужо безенгійскія горы не падпускаюць да сябе!

Маршрут, вядома, цікавы, яго прыгажосць яшчэ ўзмацнілася экшанам, які нам паднеслі інструктары. Пасля пераадолення вялікай колькасці скальных участкаў высветлілася, што 1Б недзе павольна пераўтварылася ў 2Б. Пакуль я лезла па скалах, караскалася па кулуарах, дзе ўвесь час нешта сыплецца і падае, то думка аб тым, што я лезу па нейкай вар’яцкай чацвёрцы, а не трэніравальнай адзінке, мяне не пакідала. Часам мяне накрываў жах, асабліва туга прыйшлося на голай скале, дзе была толькі невялікая шчыліна для ног. Ледзь не рыдаючы, спрабуючы дацягнуцца да зручнай зачэпкі, усунуўшы ногі ў гэтую шчыліну, я павольна спрабавала выйсці на зручнае месца. Дзякуй рабятам, якія працавалі разам са мной: Оле, якая ўвесь час падбадзёрвала і давала парады, і Сашы, які лепш за ўсіх страхуе маё цела!

Да вяршыні так некаторыя звязкі і не дайшлі: да нас рухаліся хмары, а паміраць ад удара маланкі нам не хацелася. На пік Гідантаў падняліся некалькі звязак, змянілі запіску, а пасля мы на ўсіх парах рушылі ўніз.

DSC08525 DSC08650 DSC08785

 

 

Спуск для мяне – самае балючае месца: калені ныюць, я не давяраю ніводнаму свайму кроку, толькі і чакаю, што пада мной паедзе які-небудзь камень і я разам з ім на калегу, што ідзе наперадзе.

DSC08832

Ноччу мы адзначылі ў цеснай кампаніі (наколькі дазваляла трохмясцовая палатка) паспяховае, але даволі дзіўнае, узыходжанне. Пасля цёплай гарбаты, лёгкай гутаркі разумею, што я тут раблю…

Традыцыйны пасля ўзыходжання дзень адпачынку змяняецца новым штурмам: 16 жніўня мы збіраемся на тую ж верхавіну, але па ўжо паўзнаёмаму маршруту 2Б.

Каб аддзяленне не расслаблялася, пад’ём быў прызначаны на 1.45, уласна выхад стаў больш раннім: у 3.05.

Трэба мець добры баявы настрой і цярпенне, каб зноў перажыць гэты пякельны пад’ём па жывых камянях.

Не ведаю, што такое з нашым аддзяленнем, але перад выхадам на сам маршрут нас абагнала група, якая выйшла з бівака ў пять гадзін. Рабяты весела праскакалі каля нас, ускараскаліся на жандарм і ўцяклі. Мы ж у гэты час марудна апраналі рыштунак і мерзлі пад раннішнімі праменнямі сонца.

Гэты маршрут мы таксама не змаглі спакойна прайсці: абавязкова з намі здарыцца які-небудзь экшан! На гэты раз ад нас уцёк інструктар з першым звязкам. Вядома, тут усе вінаватыя: другі (наш звязак) павінен быў сачыць, куды бяжыць першы звязак, а інструктар у сваю чаргу павінен быў неяк прасігналізаваць, што ён зараз знікне за сцяной і ўцячэ ў накірунку Х. Добра, што са мной і Сашам у звязку была Оля, яна як вельмі жвавая і бясстрашная скалалазка, адправілася на пошукі астатняга маршруту. Яны завяршыліся паспяхова.

Вяршыня была ўзята. Аднак дзве верхавіны даліся вельмі цяжка, асабліва псіхалагічна.Таму не дзіўна, што ўвесь дзень адпачынку я адчувала сябе разбітай, да таго ж мой верны звязак адмовіўся ісці на запланаваную вяршыню Малы Укю 2Б. Але ежа, ляжанне і разглядванне мясцовага краявіда, які не быў агідным як у першы дзень, зрабілі сваю справу: мы з Сашам паварушылі галовамі і вырашылі паспрабаваць узыйсці і на Малы Укю.

Ведаеце, гэта быў правільны выбар! Зараз Малы Укю —  мая любімая прыгода! Столькі розных эмоцый, столькі вопыту!

18 жніўня. У 2.45 аддзяленне ўжо на нагах, выхад з бівака адбыўся ў 4.00. У трэці раз лёгка ішлося па камяням, я б нават сказала, добра ўзляцелася.

Падыйшлі да маршруту. Выявілася, што на нас рухаецца велізарная шэрая з ружовымі плямамі хмара. Некаторыя жадаюць вярнуцца ўніз і не рызыкаваць. Мне ж адчагосці весела, я прадчуваю, што ўсё складзецца добра, ды я ўпэўнена: Корбут нікуды не зверне, толькі да вяршыні, толькі наперад!

Маршрут пачынаецца з 50-метровага вертыкальнага снежніка, у гонар чаго мы і абуваем кошкі. Корбут Ф.С. уходзіць наверх, арганізуючы для астатніх прамежкавыя страхоўкі. Другі ўдзельнік арганізоўвае парэнчы. Трэцяя – я. Мяне ўсю калоціць: ці ад жаху, ці ад холаду. Трэба зрабіць некалькі крокаў па скале… у кошках. Потым пралезці метра тры па льду. Вось тут я і зрываюся! Улятаю нямнога ўніз, завісаю на слізгальным вузле на парэнчах. Я адразу зразумела, як мне было патрэбна гэтае падзенне: зараз я ўпэўнена, што ледабуры трымаюць мяне, што слізгальны працуе, што Саша трымае маю тушу. Раблю покерфэйс і лезу ўверх, але страховачная вяроўка, якую кінуў Корбут, застаецца паміж каменнямі і лёдам. Зараз я павінна завіcнyць на схопліваючым вузле і маятнікавым рухам падыйсці да вяроўкі.

Чаму гэта адбываецца са мной?!

Спяшаюся ўверх, бо за мной яшчэ чарга. Але гэта не так проста, пагэтаму затрымліваюся і як вар’ятка, якой сціскаюць горла, хапаю паветра.

А зараз мне патрэбна вызваляць вяроўку ў іншым месцы. Справы аднак…

Задыханая, стомленая дабіраюся да перамычкі, дзе тут жа трэба ўключацца ў працу…

Пасля таго, як усё аддзяленне без прыгод апынулася наверсе, мы рушылі па скалах. Скалы на гэтым маршруце асабліва жывыя: не стаіцца камяням на месцы. Гэта быў адзіны недахоп, які мы адолелі і апынуліся на вяршыні.

Упершыню адчула задавальненне ад праведзенай працы, змешаннае з супакоем і ціхай радасццю. Так, гэта верхавіна застанецца для мяне самай прыемнай.

Акрамя таго, Малы Укю стаў апошняй вяршыняй у скарбонцы для атрымання трэццяга разрада. Ура! На біваке нас сустрэла другое аддзяленне, якое ладзіла традыцыйнае альпінісцкае пасвячэнне: абліванне вадой.

Але на трох верхавінах я не супакоілася, хоця і закрыла разрад і эмоцыі атрымала. Мой вось звязак застаўся без разраду, бо ў прошлым годзе з-за дрэннага надвор’я не патрапіў на Кругагляд Мрды. Я, натуральна, не магла кінуць яго ў гэтай справе і жадала прысутнічаць у момант, калі Саша атрымае свой разрад, ускараскаўшыся на Вялікі Укю 2А.

Потым надыходзяць некалькі дзён адпачынку ў лагеры «Безенгі», дзе мы адпачываем так, як толькі можам! Напэўна, самай прыемнай падзеяй стала лютае абжорства: наш звязак ды Андрэй аб’ядаліся смажанай картопляй, якую мы гатавалі на малюсенькай патэльні ў палатцы, заядалі хычынамі і іншымі прысмакамі. А потым мы як цюлені ляжалі да глыбокай ночы і вялі свецкія гутаркі.

Але неўзабаве нас чакала паўтарэнне гісторыі: з лагера «Безенгі» узлёт да «Цёплага кута».

22 жніўня ў 2.30 мы выходзім з бівака. У цемры не можам знайсці шлях, пагэтаму цягнемся па нейкім нязручным месцам. Да таго ж шмат хто праігнараваў апісанне, якое напярэдадні чыталі ў гайдбуку, за што і паплаціліся. Добра, што альпіністы, якія нас дагналі і абагналі, паказалі шлях да маршруту.

Пад маршрутам бачым, што двое рабят лезуць 4А на тую ж верхавіну, а насупраць нехта лезе па снежнай сцяне, памеры якой я нават пужаюся ацаніць! Лічу, што гэтыя незнаёмыя людзі – героі!

Маршрут пацешыў: як заўсёды многа лазання, ад якога атрымліваеш асалоду ў спалучэнні з жахам. Недзе на маршруце мяне паспеў збянтэжыць Саша, які сарваўся са сцяны. Дзіўна, што я яго ўтрымала, так яшчэ і не адчула таго, што рукі трымаюць многа каштоўных кілаграмаў!

А так падарожжа да верхавіны было спакойным. Там мы сустрэліся з рабятамі, якія прайшлі 4А. Яны знялі нашу запіску, а мы павіншавалі іх з перамогай!

Апошняе ўзыходжанне завяршылася дзюльферам і пякельным спускам па сыпусе і ледавіку, на якім я натуральна ўпала як рок-зорка.

На біваку Саша атрымаў сваю індывідуальную порцыю вады, ну і разрад, вядома.

Частка чацвёртая. Аба ўсім.

Гэта былі выдатныя прыгоды! Я зноў акунулася ў атмасферу альпінізма, якую так шаную і люблю. Спадзяюся, што гэта не апошні візіт у «Безенгі», таксама веру ў тое, што зноў буду пыхкаць і лаяцца са звязкам на маршруце, а потым з супакоем успрымаць усё, што адбывалася вакол, проста атрымліваць асалоду ад чараўніцтва гор…

DSC09197

Еще интересные статьи

1 комментарий

Спасибо за рассказ, он так похож на мои первые впечатления от гор (тоже с Федором) ;))
Только почему вас Федор второй раз повел в Теплый угол, а не на Джанги-кош. там тоже полно 2А и место снежное — Безенгийская стена как на ладони с постоянными лавинками — полная противоположность Тёплому углу. ну да ладно, будет один из поводов еще раз заглянуть в Безенги.

Добавить комментарий