Loading...
АльпинизмВсе новости

Наша Ала-Арча

image041Мяне з Кожухавым раздзяляе 350 км, але хацелася, каб гэтая адлегласць была больш!

         Насамрэч у гэтым эпіграфе (а фразачка радзілася пасля ўзыходжання на п. Карона ў паскуднае надвор’е) жарт дамінуе над праўдай. Калі б Юры Міхайлавіч быў кепскім інструктарам, наўрад ці я адправілася з ім на зімовую змену ў Ала-Арчу. Я думаю, да месца будзе менавіта тут спець невялічкую оду ў гонар нашага інструктара і потым перайсці да пераказу нашых прыгод у зімовых гарах.

Спадар Кожухаў – страшэнна добры трэнер: на занятках, да і на маршрутах, ён у меру строг, сур’ёзен, хаця ахвотнік пажартаваць (ох, вось гэтыя альпінісцкія анекдоты – вушы вянуць), агрэць інструментам па касцы вучня за дрэнныя паводзіны. Галава нашага інструктара нашпігавана разнастайнымі альппрыёмамі, а рукі ўсё гэта могуць спрытна ўзнаўляць, акрамя таго, ён з радасцю, проста і даступна дзеліцца ведамі з юнымі, жаўтаротымі альпіністамі (ад вас, юныя нубы, патрэбна толькі жаданне вучыцца!). Здаецца, час спыніцца, а то я адчуваю, што недзе там, каля манітора, Юры Міхайлавіч захліпаецца ад захаплення.

Перш як патрапіць у альплагер “Ала-Арча”, наша бравая чацвёрка, а менавіта такім саставам мы адбывалі тэрмін у гарах, акунулася ненадоўга ў жыццё Бішкека. Вядома, першае ўражанне: “Што за дзікі горад?”: кожны таксіст намагаецца павезці цябе ў Каркол, бачачы ў табе альпініста-вышынніка; вуліцы ўсеяны толькі абменнікамі, аптэкамі, закусачнымі. Ствараецца ўражанне, што жыхары Бішкека толькі і робяць, што мяняюць валюту, каб потым патраціць яе на гіганцкую порцыю шаўрмы, а затым бягуць у аптэку, каб набыць пілюлі ад цяжару ў жываце. А пра адсутнасць разметкі на дарогах я маўчу – дзікая дзіч.

image001

Лагер “Ала-Арча”

 image002

Пафасны фотаздымак з самалёта

 image003

Зліваемся з мясцовым насельніцтвам

         Аднак хутка я зразумела, што Бішкек – вельмі файны горад! Тут поўна гаварлівых, адкрытых людей, дабрадушных, гатовых дапамагчы. А ежа ў ніх – проста пальцы абліжаш! Вось бы ўсюды былі такія сытныя і карысныя фаст-фуды!

І самае галоўнае – горы-та ад Бішкека находзяцца ў 40 хвілінах язды! Як жа пашанцавала жыхарам: у іх ёсць магчымасць заліпаць на казачны Цянь-Шань хоць кожны дзень!

Але хутка прыйшоў час расстацца з Бішкекам і адправіцца наверх, на 2100 м. Нас чакалі два закіды. Здавалася, паміж БЛ і хацінай Рацека 6,5 км, а тупалі мы гэты ўзлёт (больш за кіламетр) 5 гадзін. Пакуль цягнула на сябе ежу і начынне, вельмі хацелася даведацца ў спадара Рацэка: навошта ён так далёка пабудаваў хаціну? *жарт*

image004

Наша банда, а Ганна – фатограф.

 image005

Нам воооооооооооось туды!

 image006

Проста прыгожае фота ( :

Калі на падыходзе да хіжыны разумееш, што хутка на вяроўках загуляеш, то, значыць, што вось-вось павінна з’явіцца таблічка “Конец толкания”, і, значыць, засталося ісці па гарызантальнай паверхні хвілін 10 да бівуака.

image007

Канцэптуальнае фота “Конец толкания”

У першы дзень закіду нас сустрэлі тры узбекскіх альпініста (Андрэй, Сяргей ды Дзяніс) і хаціншчык Сяргей. З крыкам “О, дзяўчыны, нарэшце, падняліся сюды!” мяне і Ганну (маю якутскую калегу) пасадзілі піць гарбату. Узбекаў было так многа ў гэтым маленькім пакоі, здавалася, што яны, як “унылый шалун и физик Симонэ Симонэ” з аповесці Стругацкіх, звісалі са столі, сцен і гучна рагаталі. Уласна чым адразу і схілілі да сябе!

image008

Мегаактыўныя Андрэй і Сяргей

 image009

Такі ж мегаактыўны Дзяніс

Хлопцы ці то захапляліся, ці то былі здзіўлены тым, што мы а) збіраемся рабіць два закіды; б) збіраемся правесці амаль тры тыдні ў гарах. Калі нам прапанавалі наняць портэра, я паглядзела на ўзбекскіх калег, здзіўлена палыпала вачыма і падумала: “А як жа боль, пакуты ад ношы за плячамі?”. Карацей кажучы, портэры – не наш выбар.

У гэты ж дзень мы хуткім галопам збегалі ўніз у БЛ. Думаю, у лагеры трэба паставіць таблічку “Канец спаўзання”…

З другім закідам мы канчаткова сышлі на хаціну. Нас чакалі трэніроўкі, трэніроўкі, трэніроўкі, узыходжанні і зноў трэніроўкі, а часам і прыём ежы.

Першае відавочнае адкрыццё, якое мяне чакала ў зімовых гарах, − ваду трэба дабываць. Нешта я зусім забыла, што адбываецца з вадой пры мінусовай тэмпературы. Другое адкрыццё – вільготныя сурвэткі ператвараюцца ў цэглу, так што часам прыняць душ з сурвэтак не ўдавалася. Трэцяе – на вышыні 3400 па табе могуць табунамі хадзіць мышы. Я, вядома, люблю жывёл, але не да такой ступені, каб трываць нахабных грызуноў, якія танчылі румбу на мне па начах.

image010

Вось такую карціну можна было назіраць раніцай

Перад тым, як выйсці на “адкрывашку”, трэба добра паесці *перакрэслена* пазанімацца на скалах. Крэхчучы на халодных скалах, мы ўспамінаем, як гэта хадзіць у тройцы, дзюльфераць, ратаваць пацярпеўшага і г.д. Нашыя заняткі праходзяць пад чуткім кіраўніцтвам не толькі інструктара, але і нашых узбекскіх сяброў. Так што па статыстыцы на аднага вучня прыходзілася 1,(3) настаўніка. Аднак узбекам надакучыла глядзець, як нубы пакутуюць на занятках, і яны кудысці памчаліся.

image011

Алежка лезе

 image012

Трэніроўка трэніроўкай, а гарбата па раскладзе!

Але пад канец заняткаў, калі мы ўжо амаль усе пракрычалі “Зямля!”, з’явіліся ўзбуджаныя ўзбекі. Дзяніс з хуткацю святла ўскараскаўся да нас на скалы і адбарабаніў наступнае:

-         Рабяты, мы знайшлі такую файную лядовую сценку! Запрашаем вас на начныя лядовыя заняткі з пратэрмінаваным шампанскім!

Ну, як тут устаяць?

І так, гвозд сезона – начное ледалазанне пад воплескі корак, вылятаючых з бутэлек шампанскага.

Что б мяне не чакала ў гарах, заўсёды прыходзіцца прымушаць сябе нешта рабіць, асабліва калі халодна і цёмна. Нават на такое яскравае мерапрыемства я з неахвотай вылазіла з цёплага спальніка… Але варта расхадзіцца, і я ўжо весела прыгаю па марэне, прадчуваючы начныя заняткі.

Сцяна з адмоўным нахілам, таму не варта нават падыходзіць да яе. Пагэтаму я дастаю свой дзіўны набор буроў: новенькі Petzl Laser, прыбіты жыццём саўковы тытанавы бур, бур невядомага паходжання і свежы BD. Андрэй, пускаючы цыгарэтны дым мне ў твар і рагочучы, тлумачыць, як правільна круціць бур. Мы з ім атрымліваем асалоду ад таго, як саўковы бур сколвае “лінзы” і не жадае лезці ў лёд, цешымся лёгкаму ходу імпартных буроў. Шок? Не. Здаецца, дзесці на гэтым моманце спадар Кожухаў прыгадаў асабісты вопыт знаёмства з арчынскім лёдам. Прыехаў аднойчы наш інструктар у Арчу зімой з новым грывелеўскім ледасекам. Падыходзіць ён з ледасекам да лядовай сценкі і замахваецца ім, а ледасек адскоквае ад сцяны як мячык. Але наш інструктар памятае, што ён дужы, пагэтаму замахваецца мацней. Але ледасек са звонам адскоквае ад сцяны зноў. Пара магутных замахаў, і можна ацаніць марнасць ледасека ў зімовай Арчы.

image013

Красунчыкі

 image014

Інструктар забаўляецца

 image015

І Дзяніс туды ж

 image016

Надзейная страхоўка – самае галоўнае ( :

 image017

І Ганну лёд засмактаў

 image018

Фота зараджана на пазітыў

 image019

Паўночныя ледалазы

Дарэчы, у зімовыя горы я папёрлася, каб палюбіць лёд. І як жа я спалохалася, калі ўбачыла арчынскі лёд, які больш па фізіка-хімічным якасцям падобны да шкла! “Лёд я, можа, і не палюблю, але вось трэніроўку ў суровых умовах атрымаю”, - вырашыла я.

Дзевы спрабавалі пакарыць трохмятровую 90˚ сценку: Ганна старалася махаць інструментамі, я ж паскрэбла кошкамі аб лёд, пазлавалася з-за таго, што не магу і кроку ступіць па сцяне…

Мы і не заўважылі, як праляцелі чатыры гадзіны. Усе замерлі, чакаючы ўзыход луны, часам парушая цішыню чарговым альпанекдотам і выбухам смеху. А луна была цудоўная, а анекдоты − так сабе.

У наступную раніцу пасля начной кутні нас чакаў п. Настаўнік (4530 м) 1Б. Маршрут просты як тры капейкі, і інструктар абяццаў, што ўзыходжанне хутка скончыцца, пагэтаму мы павольна выйшлі на маршрут каля 10.30. Фатал эрор!

Пакуль месім камяні, я бубню: “Што гэта за альпінізм такі з трэкінгавымі палкамі?”. На што Алег мне цыкае: “Ты гэта Улі Штэку скажы!”. Добра-добра, я зразумела.

 image020

image021

“На Замберлэндах и в офигительных штанах»

image024

image023

На другім прывале мяне пачынае накрываць “гарняха”: звычайна ў мяне псуецца настрой і ўва мне прачынаецца Патрык Бэйтман. Вакол хараство, але мне не да яго: я занята сабой і калегамі, якія чэшуць як лосі. Гэта раздражняе. Раздражняе тое, што задыхаешся і не можаш трымаць тэмп. Апошнія ступені ўжо паўзла на каленях. Не дайшла да верхавіны 300 метраў і завалілася ў снежнік. “Гары яно гарам”, - сказала я інструктару, праўда, у іншых, недрукуемых, словах. Ю.М. правёў традыцыйны агляд: пульс, вочы, дыханне. Знайшоў, цытую, “невялічкую арытмію” і дазволіў ціха спускацца. Пакуль я з’язджала з гары, мяне абагнаў Алег і паабяццаў першым вярнуцца ў лагер ды прыгатовіць вячэру.

І вось пад “змяркалася” мы павольна тупалі ўніз. На адным з сеансаў сувязі Алег аб’явіў, што ён заблудзіўся. Мала таго, што ўжо даўно ноч, што мы паміраем ад абязводжвання, так мы яшчэ згубілі нашага веселуна Алежку! І мы як прывіды блукалі сярод камянёў і гулялі ў “Ау, Алег!”. Алег знайшоўся. Згаладалы і стомлены.

Калі мы вярнуліся ў хаціну, то было ўжо не да вячэры. Дзякуй Сяргею, які адпаіў мяне гарбатай, я амаль уваскросла, не улічваючы першых адзнакаў прастуды. Я выключыла ў сабе іпахондрыка і залезла ў спальнік.

Перад штурмам Бокса па 2А і кіраўніцтвам Ганны ладзім яшчэ дзень заняткаў на скалах. Самае смешнае, што п. Бокс ён вось, вось адразу перад лагерам, але падыход да яго ў нас займае шэсць гадзін! Спачатку трэба паднімацца па грэбні марэны, потым есці снег на ледавіку. 500 метраў ледавіка мы перасякалі 2 гадзіны, бо снегу панавальвала па самую “развілку”.

 

image024

image025

Тонем у снезе

 image026

Свабодная Карэя. Прыгажуня

Да мяне паварочваецца інструктар, калі нашы звязкі цягнулі нас па ледавіку, а сонца ўжо было высока, і паведамляе: “Калі гэта *** будзе працягвацца, то *** нам там рабіць!” і тыкае пальцам на маршрут. Каштоўныя словы.

А 12.00 мы робім прывал: зараз “гарняхай” накрыла бравага Кожухава. Але нават прыступ “гарняхі” не можа спыніць актыўнасць трэнера. Ён адпраўляе нас на лядовые заняткі… Памахалі інструментамі некалькі гадзін і парушылі ўніз дадому.

image027

image028

 Alone in snow

Пасля дня адпачынку, каб далёка не хадзіць, вырашылі пакарыць п. Рацэка 2Б, чарга майго кіраўніцтва.

Раніцай вяду групу з сур’ёзным тварам на маршрут. Шэф! Пастаянна нервуюся і баюся ўвесці групу з марэны ў якую-небудзь твань. Алег і Ганна чынна дапамагаюць: пракладваюць дарогу; Ю.М., адчуваю я спіной, тупае з посна-пафігістычнай мінай быццам бы яму і справы няма. Праз пару гадзін выграбаем да маршруту.

image029

image030

Што у нас там па апісанню? Першая вяроўка ключавая, пара вяровак троечнага лазання і пехатой на верхавіну. Калі апісанне супадала з рэальнасцю нават у маім сціплым вопыце? І ў гэты раз не вельмі супала..

Спачатку лезла са здавальненнем, з энтузіазмам, нават дзесці пакрыквала на Кожухава, каб жвавей лез і правяраў мяне. Вось ўжо адлазілі некалькі вяровак, а дзе “пехам на верхавіну” – незразумела…

І тут я завісаю на ўтульнай станцыі і не размею, куды далей лезці: ці то па ледзяным скалам, ці то па сухому коміну? Накрывае нервознасць.

image031

image032

 

Інструктар забараняе лезці на лёд і сам у раскірачку пралазіць комін. Гэта было да смешнага прыгожа! Потым боль і пакуты, яшчэ тое ж самае на наступных абледзянелых скалах. І ўжо не так радасна, бо сонца садзіцца, а голас з рацыі раіць дзюльфераць.

image033

image034

 Вось так цяпер моладзь ходзіць кіраўніцтва

О гэты незабыўны начны дзюльфер! Чатыры вяроўкі – асалода для альпіністаў-садамазахістаў! Але мы зноў акуналіся ва ўтаймаванне і ішлі да канца, да хаціны.

Раніца 6 сакавіка. А чацвёртай па мясцовым часе. Нас чакае 2-ая башня Кароны, маршрут Акімава 3Б. Алежка даўно прамяняў нас на Маскву, так што працуем у тройцы. Мы як сур’ёзныя рабяты топчам падыход, які заняў тры гадзіны. Зараз стала яшчэ лягчэй выходзіць на штурм, бо навучылася чытаць пад нос мантру: “Хутка сонца, хутка будзе світаць, усё будзе ўяўляцца па-іншаму: і мароз, і жудасныя цені, і горныя гіганты”.

У холадзе і сутаргах марудна пераапранаемся. Хоць сонца ўзыйшло, але тут яно не з’яўляецца… Было да скрыгату зубоўнага халодна. Не, сур’ёзна! Ну, колькі можно пісаць пра холад? Зіма, горы. Ты хацела хлопцаў у плаўках і дзеў у бікіні?

image035

Рушымся амаль па вушы ў снезе. Калі выходзім на лядовую сцяну, то Кожухаў становіцца лідэрам і лезе на фіфах. Хтосьці любіць фіфы, вось як Ю.М., а хтосьці іх ненавідзіць, вось як я. Лепш мясіць лёд інструментамі, чым марудна і спакойна перасоўвацца на чыцерскіх фіфах.

Лезлі, як сапраўдныя дарослыя, на дзвюх вяроўках: адна – страховачная, іншая ­– дубовая поручневая. Хутка паказаўся берг, пагэтаму Кожухаў утраверсіравал направа. Зараз парэнчы былі далекімі ад стану “вертыкальныя”… Мы с Ганнай пераглянуліся: нашыя позіркі адлюстроўвалі слова “маятнік”. Ну так, так, калі хтосьці сарвецца, то абедзве паляцяць маятнікам…

Лезем мы з Ганнай сінхронна, толькі адлегласць паміж намі 6-7 метраў. І тут мяне накрывае паніка. Я дрэнна ўбіваю кошку ў лёд і лячу са свістам уніз, Ганна за мной. Запішчалі. Паматляліся троху. Я перапужалася больш за Ганну: я ж вінаватая, што яна праехала па лёдзе. Балазе, усе жывыя, толькі перапуджаны. Кожухаў там наверсе хіхікае з нас. Ён-та лічыць, што тут цяжка атрымаць траўму, калі толькі заехаць напарніку кошкай куды-небудзь.

image036

Ого-го-го!

 

image037

image038

Ганна – усміхашка, а я не

Пасля разбору маршруту яшчэ там, у хаціне, інструктар абяццаў, што нас чакае прыкладна 8 вяровак па 60-70˚ лёдзе. Але я, натуральна, яму не давяраю: ведаю я гэтыя 8 вяровак, хадзілі мы Сэллу, агась. Пакуль рухаемся па м. Акімава, пералічваем рупліва вяроўкі. Вось ужо прайшлі 8. Глядзім з Ганнай уверх, а там, здаецца, яшчэ столькі ж вяровак да мульды: лезьці і лезьці. Прашу Кожухава крыкнуць “Персік!”, калі ён убачыць мульду. Гэта ў нас з ім кодавае слова. Гэтае кодавае слова смяшыць Ганну: упершыню я бачыла яе такой радаснай. Персік! Калі сумленна, то у нас ўжо поўная істэрыка: мне асабіста яшчэ на першай вяроўцы надакучыла вясець на станцыі і выдаваць дубовую вяроўку, ногі ўжо даўно замерзлі, да і атрымліваем мы лядовым смеццем: не-не ды што-небудзь пападзе ў твар, на руку.

Праз шмат гадзін жумарынгу Кожухаў крычыць запаветнае “Персік!”. О, нашай радасці не было межаў. Павылазілі ў мульду. Знайшлі цукерку. Я схавала інжыр. Так што гайда на Карону, недзе пад камянём вас чакае інжыр.

Спуск пякельны. Здаецца, что паўзеш па 90˚ сценцы. Да змроку падыходзім да Каронскага начлегу. Нас сустракае якуцкі Алег. Варыць нам чароўны кампот з сухафруктаў. Гэта было надзвычайна, гэта быў самы смачны кампот на планеце! У дні адчаю я  буду ўспамінаць гэтую гарачую, супакойлівую вадкасць!

Крышачку паразмякалі ў хаціне, але нас выштурхалі, маўляў, трэба спускацца далей. Зноў апранаеш маску ўціхамірвання: перастаўляеш ногі як зомбі.

Дзякуючы бандзе Грэкава, аднойчы сонечнай раніцай сочым за сцэнкай “Дастань фрэнду са скалы”. Кожны жадаючы мог устаць у чаргу і паспрабаваць дастаць засеўшае начынне. Гаспадар фрэнды, Вова, крычаў на ўвесь лагер аб адкрыцці атракцыёну “Засеўшая фрэнда”. Дзецям і жанчынам – зніжкі! Народ гатовы быў рабіць стаўкі.

Потым зазбіраліся на Каронскі начлег, таму што неба ачысцілася ад хмар. Акрамя таго, мы выбралі выдатную тактыку: ежа закончылася ў хаціне – падымайся на 4000 у “Hotel “Карона”. З Ганнай вырашылі, што паспрабуем схадзіць у адзін дзень два хуткіх маршруты на Карону на 2-ую башню па 2А і 3А, а на наступны дзень залезці па 3Б на Вышукальніка.

image039

Выйшлі а 5.00. Пакуль мы з Ганнай рабілі ступені адзін аднаму, клыпаючы па стромкім схіле, Кожухаў бубніў, што мы робім ступені як навічкі. Як навічкі, Карл! Напэўна, з-за гэтага надвор’е сапсавалася…

Ганна – лідэр, супрацьстаіць ветру і каварнаму бергшрунду, які не зразумець, як перасекчы. Тут я раблю фатал эрор, які ўнясу з сабой у магілу. Гэта будзе добры ўрок, панікёр.

У выніку берг мы праходзім па снежнаму масту. Я стартую за інструктарам на снегавую корку. Раблю крок, пада мной абвальваецца ў пустату снег. Хвілінка панічнай істэрыкі. Крычу трэнеру, што мост разбураецца. Ён раіць паўзці на каленях. Вось так і дабіраюся да яго. Ганна таксама.

Надвор’е становіцца яшчэ горш: гуляюць патагонскія вятры, ідзе снег. Словазлучэнне “патагонскі вецер” яшчэ ўсяляе бадзёрасць, але пасля дзвюх вяровак лазання па лёдзе ў сабачы холад, бадзёрасць зліваецца на ўнутранае ныццё і праклёны ў адрас інструктара, які спрабуе праз ВОСЬ ГЭТА ЎСЁ паказаць нам, як гартавалася сталь.

У мяне ўжо пальцы паскручваліся. Дыхаць цяжка, бо ў твар завейвае снегам. Пасля другой вяроўкі Ю.М. кажа, што мы амаль закончылі працу на маршруце, засталіся простыя скалы і за імі 3А. Пасля гэтых слоў я ўваскросла, закамандавала: “Наперад!”, - і адправіла інструктара на скалы. Але пачалася такая завіруха, што мы не маглі рота адкрыць, каб даваць каманды, абледзянелую вяроўку здзімала да чорта. Я раблю знак інструктару, маўляў, валім уніз. Ён згаджаецца. Маааарудна спаўзае з ледзяных скал.

І тут ты разумееш, што табе трэба спускацца па той нітцы, па якой ты толькі што падымаўся… Ваааа. Зноў сціскаеш усё ўнутры ў кулак, уключаеш рэжым “уціхамірванне” і першым дзюльфераеш да станцыённай пятлі. Тут зноў замінка: вырваны бур з рыхлага лёду, новая станцыя больш моцная.

Потым яшчэ адзін дзікі спуск. І вось мы перед любімым бергам. Кожны стаіць напагатове з інструментам у рэжыме чакання “Магчыма падзенне ў расколіну!”, і так марудна і цягнуліся да мульды-гардэробнай, дзе скінулі начынне. Толькі інструктар адчыніў рот: “Я хачу запытацца ў вас…”, я пачынаю крычаць, што заўтра ні на якую гору не пайду!

На спуску сонца вырашыла парадаваць нас і зрабіла ласку выпаўзці з-за хмар. Ш – значыць,  шанцаванне.

image040

Прагноз надвор’я супраць нас

image041

image042

Ну, скажыце, навошта людзі пры сваім розуме наўючваюць сябе цяжкімі заплечнікамі і цягнуць ношу ўверх, дзе толькі ступала нага горнага казла і цянь-шаньскай кнігаўкі, шукаюць прыгоды на ўсе часткі цела  і грошы вялікія за гэта плацяць? Не, каб шахматамі заняцца, вершы пісаць…

Пасляслоўе.

Фінальным бішкекскім акордам стаў мясцовы таксіст. Ён так смачна распавядаў пра азёры Ісык-куль і Сон-куль, што, я думаю, вярнуся яшчэ ў Кіргізію не толькі ў альпінісцкую, але і ў турыстычную! Выбітная краіна!

Арча, вядома, стала незабыўным вопытам. Нягледзячы на ўвесь боль, холад, пакуты, хочацца вярнуцца. І я вярнуся. Буду лазіць лёд, пакуль не палюблю яго ці хаця бы не пакіну баяцца яго.

Спадзяюся, што яшчэ не раз сустрэнуся з рабятамі ў гарах, ну, а мяне з Кожухавым зараз звязваюць пастаянныя і стабільныя адносіны: залік па ратаўнічых працах я буду здаваць доўга, упарта і старанна.

Тэкст: Ганна Александронец

Рэдакцыя: Алена Блізнюк

Фотаздымкі: Ганна Якаўлева, Алег Бялоў

Еще интересные статьи

Добавить комментарий
Выбор редакции