Любоў і нянавісць у Ала-Арчы-2.

Прысвячаецца “Алга”.

Маё жыццё змяняецца: прыходзяць новыя людзі — адыходзяць старыя, кідаю аспірантуру – знаходжу новае месца для адукацыі, жую булкі ‒ раблю марш-кідкі па лесе, але адзінае застаецца нязменным: люты-сакавік я праводжу разам з бандай у Ала-Арчы. Гэты год мне хацелася зрабіць чамусьці выключэннем і застацца дома, грэць азадак, але мой звязак Алежка Іваноў упэўніў мяне, што прапускаць зімовыя горы з такой кампаніяй немагчыма!

Хутчэй за ўсё гэтае нежаданне вяртацца туды было звязана з веданнем таго, што мяне там чакае ды і вечнае пытанне: дзе знайсці грошы на гэтае мерапрыемства? Але матэрыяльныя праблемы, я ведаю, вырашаюцца заўсёды, трэба проста знайсці выхад. А вось са спісам “Чаму не трэба ехаць у зімовыя горы” было складаней. У дзень адпачынку я спрабавала напісаць такі спіс… Дык вось, чаму нармальны чалавек павінен абходзіць па дуге зімовы альпінізм:

  1. Гігіена. Калі вам падабаецца мыцца ў ХАЛОДНАЙ хаціне ХАЛОДНАЙ цаглінай з вільготных салфетак, то зімовая Арча для вас.
  2. Туалет. Гэтае месца тут асаблівае. У мяне склалася ўражанне, што мясцовым гаспадарам хаціны лягчэй пабудаваць новы туалет, чым выбіць металічным дрыном горкі ў старых… Ах, яшчэ калі вас вабіць магчымасць зламаць косткі, пакуль ідзеш да туалета, то зімовыя горы для вас. Увогуле, выклікае ўсмешку тое, як альпініст, якога патрэба гоніць на вуліцу ў мароз, снегапад ці мяцель, апранаецца як касманаўт, хапае ледасек ці палкі і топае праз марэну, каб дасягнуць жудасны будынак, які завіс над ледавіком. Ну, так сабе перспектыва памерці…
  3. Наступны пункт – гэта здароўе. Вось з верагоднасцю 100% у зімовых гарах вы падчэпіце прастуду. У самым горшым выпадку вас спусцяць у Бішкек, а ў больш пазітыўным – вы працягнеце трэніравацца і хадзіць у горы, негледзячы на насмарк і бальное горла.
  4. Быт. Калі вам падабаецца ездзіць у цягніках, то хаціна Рацека для вас. Тут заўсёды шмат людзей, пахне шкарпэткамі і гарбатай. Толькі не хапае рытмічнага пахіствання хаціны для поўнай карціны. Але пасля суровага ўзыходжання гэтае пахістванне можна лёгка намаляваць у сваіх узрушаных мазгах.
  5. Кухня. Здабыча вады – асабістая тэма. Спачатку трэба прынесці лёд. Добра, калі ў вас лядовыя заняткі і па дарозе можна сабраць яго. А калі гэта сярэдзіна смены, напоўненная ўзыходжаннямі, то за лёдам трэба ісці спецыяльна, а гэта так ляніва… І лёд нешта ўвогуле не хоча плавіцца, калі трэба ісці на гору!

І не думайце пра смачную і багатую ежу з вітамінкамі і мінераламі: што дзяжурны зрабіў – тое і еш, бо тут не месца для гурманаў. Але ў гэтым годзе нам пашасціла з Наталкай Марозавай, якая з тапара магла рабіць смачную ежу. Яна нас балавала ячней, пастамі, таматным сокам з прыправамі.

Наталка і я.

  1. Сілы. Жадаеце праверыць свае фізічныя і псіхалагічныя рэсурсы, то сардэчна запрашаем у зімовыя горы. Тут нават звычайная двойка ператвараецца ў снежна-лядовую мешаніну пад парывамі ветру, які так і імкнецца здзьмуць альпініста з грэбеня ў іншую цясніну.

Спісак можна працягваць, але трэба распавесці пра пазітыў у зімовых гарах і чаму я вяртаюся ў Ала-Арчу ўжо трэцці раз. Заўсёды з усмешкай успамінаю адказ Кожухава на маё пытанне:

  • Вось чаму вы не разведваеце новыя раёны, а кожны раз на працягу 7 год вяртаецеся сюды?
  • Оооо, вяртацца ў Ала-Арчу – гэта як вяртацца да любай жаншчыны, — задуменна адказаў інстурктар.

Ну, не ў маім выпадку…

Прыгоды пачаліся яшчэ да таго, як мы дабраліся да бівака! Адразу ж у Маскве, дзе мы спазніліся на самалёт і вымушаны былі дабірацца да Бішкека праз Астану. Затое мы далі магчымасць астатнім удзельнікам збораў адпачыць і свежымі адправіцца на Ошскі рынак.

Пасля дабіраемся да Ала-Арчынскай гасцініцы, дзе спрабуем адзначыць нашу сустрэчу, але інструктар, які заснуў, седзячы на стуле, быццам бы нагадваў, як мы ўсе стаміліся ад пераездаў… Але перад тым, як адключыцца за святочным сталом, інструктар паспеў паведаміць, што раніцай нас чакае традыцыйная актыўная акліматызацыя. Ага, зараз! Мы – аддзяленне “Алга”, банда спартыўнай дэградацыі і раніцай нам падабаецца спаць! Таму раніцай, як мы прачнуліся, Наталка расказала, што на зарадкі нашага аматара актыўнай акліматызацыі, Ю.М. Кожухава, не было, затое астатнія ўдзельнікі самастойна займаліся спартыўнымі практыкаваннямі. Малайчынкі!

А пасля абеду наша група спартыўнай дэградацыі “Алга”, якая пераліла спіртное па пластыкавых бутэльках і параспіхала ежу па заплечніках, выйшла на закідку да хаціны Рацэка. У гэтым годзе я амаль што ляцела да хаціны, бо адчувала моц і энергію. Да таго ж наш шлях расфарбавала музыка, якая несласлася з партатыўнай калонкі Алежкі. Увогуле, гэтая калонка стала нашым сябрам, і мы звычайна з ёй не расставаліся.

Мясцовыя жыхары сустракаюць каля хаціны

Наступны дзень таксама быў прысвечаны закідке: чарговая “Аксайская кругасветка”! Пасля гэтага мы засталіся ў хаціне да канца смены, усталёўваючы смярдзючы рэкорд – 12 дзён без душа…

Падыход да хаціны Рацека

Паколькі гэтая смена была рэкордна вялікая, 23 чалавека, то мне, як вядомаму песімісту і мізантропу, хацелася пакою. Таму бандай засяляемся на першы паверх хаціны, куда заманілі Наталку і хлопцаў з яе аддзялення, Стаса і Мішу. Гэтыя хлопцы быццам бы “двое из ларца одинаковых лица”, на працягу ўсей смены выклікалі ў мяне пачуцце, што яны ніякія не альпіністы, а гандляры наркотыкамі! Я заўсёды чакала, што яны падыйдуць да мяне з прапановай купіць што-небудзь псіхатропнага, расхіснуўшы перада мной пухоўкі. Але максімум, што мне перапала гэта сухія пайкі асабістага вырабу пад назвай “Председатель”.

Міха і Стас, выбітныя на ўсіх формах рэльефу!

О, яшчэ была смешная сітуацыя з нашай аптэчкай у аддзяленні. Лёша Рыжоў – знахар-аматар, раздаў кожнаму з нас набор ампул, якія павінны быць актывізаваны ў той ці іншай экстрымальнай сітуацыі. Ампулы Лёша загадаў трымаць заўсёды пры сабе, бо актыўныя рэчы лекаў могуць змерзнуць і перастаць працаваць. Я гэтую ампульную гаспадарку абазвала “тамагочы”.

А ў адзін з дзён да мяне звярнуўся Стас, які пасля 3А адмарозіў пальцы на руках, з патрабаваннем выдаць яму нікацінавую кіслату, якая па сцвярджэнню Лёшы хранілася ў мяне. Я доўга ўзважвала, чаму ў мяне павінна быць гэтая кіслата, пакуль не ўзгадала пра тамагочы. Стасу я сказала, каб ён не займаўся глупствамі, яму ж усё роўна адрэжуць пальцы (хвілінка чорнага гумару над чалавекамі, які першы раз у зімовых гарах). Ён, перапужаўшыся ад гэтай навіны, па маёй ужо разумнай прапанове звярнуўся да інструктара. Апошні супакоіў Стаса, што пухір на пальцах – гэта першая ступень абмарожання, трэба толькі трымаць рукі ў цяпле і не дапусціць пападання інфекцыі. Ды і ўвогуле калоць нікацінавую кіслату ў руку, каб вылечыць пальцы з лёгкім абмарожанням, не самы лепшы варыянт тэрапіі.

 

Пачатак смены быў прысвечаны лядовым трэніроўкам. Пакуль мы білі інструменты ці хруцелі фіфамі на Аксайскім ледавіку, СП-аддзяленні пад кіраўніцтвам Паяшава Ю.М. разбівалі кошкі аб скалы. Ух, мая любімая зубадрабіцельная тэхніка “кошкі+скалы”!

Ммм, першыя заняткі прайшлі для мяне лёгка, з песнямі і пляскамі. Вось адчувала, што вырасла, вырасла дзяўчынка і пераўвасобілася ў цётку! Добра адчувала сябе таму, што побач рухаецца Коля (будучы інструктар і проста беларускі лось!) і каментуе кожны мой крок, дае парады. Адпрацоўвалі розныя тэхнікі, бо Кожухаў пабачыў і паспрабаваў шмат чаго з альптэхнікі. Асабліва жахліва хадзіць французскай тэхнікай, калі пры хадзьбе па нестромкаму схілу трэба павярнуцца спіной да яго. Ну і вядома, ты бачыш, куды падаць, калі неправільна паставіш ногу…

Кожухаў пасля таго, як мы пракрычалі, што справіліся з чарговым заданнем, замірае, хітра ўсміхаецца і прыдумвае яшчэ больш ненармальнае практыкаванне! Фантазія інструктара – бяздонны акіян! Праца на нестромкім схіле завяршаецца адпрацоўкай падзення. Трэба было сесці на зад і з’ехаць, задраўшы ногі ўгору, каб не зачапіць лёд кошкамі. Інакш пераварот, яшчэ адзін і можна ўнізе знайсці пабітае цела альпініста. Наступнае заданне такое ж самае, але з мадыфікацыяй – трэба затрымаць сябе ледасекам. Пасля бунту “Я не буду гэта рабіць” я адчула смак і каталася з клічам “Джэроніма!”. Дзе яшчэ дадуць магчымасць палётаць са склона на азадку на 3000+ метрах?!

У каго пухоўка больш тоўстая – той і інструктар!

А ўвечары мяне чакаў сюрпрыз – прыехалі мае любімыя ўзбекі, з якімі я некалі пазнаёмілася ў Ала-Арчы! Але яны прыбылі не такім саставам, як я чакала: даехал толькі Урлік ды яго сябра Паша, а астатнія ў апошні момант зліліся з мерапрыемства. Затое ўзбекі прыцягнулі мне торт з тэматычнай назвай “Сняжок” – высакагорны торт, якім я падзялілася з лагерам.

Ноччу адзначаем прыезд узбекаў у ветлівай Наталлі, кухаркі з хаціны Аксай. Я слухала байкі ўзбекаў і Наталлі пра тое, што адбываецца на семітысячніках. І я лічу, што гэта трэш! Таму абавязкова трэба паспрабаваць заняцца высотным альпінізмам і самой пабачыць гэты цырк.

Наступныя трэніроўкі не задаліся. Я прачнулася ад сутараг у нагах – гэта замест “Добрай раніцы”. Пачало балець горла, да і ўвогуле настрой сапсаваўся. Думаю пра тое, што я раблю ў зімовых гарах? Чаму марожу зад тут? Ці не лепш паехаць у Еўропу і там быць звычайным турыстам? Алежку, свайго звязка, я даводжу да таго, што ён загадвае мне лезці 90-градусны лёд. Мне ўсё роўна, я так давяраю фіфам і кошкам, што магу і не толькі туды залезці. Але на такім схіле вельмі цяжка круціць буры, бо нельга адразу вызваліць дзве рукі. Алежка потым падказаў, як круціць буры адной рукой, каб мне не прыходзілася траціць шмат часу на гэтую аперацыю: круціць бур на ўзроўні бядра, а не вышэй.

Салодкая парачка

Таксама адпрацоўвалі тэхніку адначасовага хаджэння. Вельмі страшна так лазаць, але яшчэ больш страшна атрымаць па касцы ад інструктара за непаслухмянасць!

Традыцыйна наш сезон узыходжанняў пачынаецца з піка Настаўнік, на які я агітавала пайсці ўзбекаў разам з намі. Але яны адмовіліся, сказаўшы, што так рана не прачынаюцца.

Я нават не магу перадаць, як не люблю хадзіць на гэтую гору, колькі болю і скручаных кішак звязана з ёю! Але цяжэй у гэты раз прыходзілася СП-аддзяленням, якія палезлі на пік Бокс па 2А. Лепш таптаць камні пад Настаўнікам, чым есці снег пад Боксам!

Выхада няма, адзеваю маску ўціхамірвання, уключаю музыку і цягнуся за хлопцамі на верхавіну. Наша ўзыходжанне было б руцінным, калі б не моцны вецер. Алежка казаў, што амаль не ўляцеў за грэбень пад парывам ветру. А мяне гэтае надвор’е і гара раздражняюць, хочацца ўсё кінуць і пайсці ўніз, але ў мяне ёсць мэта – павіншаваць любімага звязку з Днём народзінаў і аддаць падарунак.

Іх не спыніць

На зваротнай дарозе сустрэла ўзбекаў: Урлік з начыння нёс толькі фотапарат ды і той без чахла… Пажадалі адзін аднаму добрай дарогі і рушылі хто куды.

У лагеры я стала пяць раз заслужаным Настаўнікам… Ну так сабе званне. Астатнія спуціліся з гары з прыгодамі: Алегі суправаджалі абмарожаннага навічка, а Урлік дапамагаў пінаць стаміўшуюся дзеву-альпіністку, каб тая хоць як-небудзь спускалася, а не адпачывала на схіле…

Краявіды-далягляды з Настаўніка

Алег Бялоў, заўсёды усміхаецца!

Ноч мы правялі, чакаючы астатніх рабят з горы Бокс: ім там прыйшлося несалодка. Ды і ў сувязі з гісторыяй Урубка, які ліча, што зімовы альпінізм заканчваецца 28 лютага, арганізуем таталізатар: нашыя групы вернуцца зімой ці вясной. У выніку яны спускаюцца за некалькі хвілін да сканчэння зімы. Ва ўсіх ёсць сілы накрыць святочны стол для Алежкі з тарталетак, ікры і глінтвейну, каб лампава адзначыць Дзень народзінаў добрага чалавека!

Бачыце агеньчыкі? А яны ёсць, і гэта нашыя рабяты!

З-за таго, што мала спалі: то чакалі рабят з гары, то пілі за здароўе Алежкі, − вырашылі правесці заняткі замест таго, каб ісці на маршрут. Гэты дзень нам палепшылі не только лядовыя трэніроўкі, але яшчэ і спасработы. Увечары загаварыла рацыя і паведамілі, што портэр зваліўся з падыходу да хаціны Рацека. Калі гэтага пацыента дацягнулі да лагера, высветлілася, што ён жывы, бодры і нават у яго няма ўдару. Гэты хлопец вырашыў зарабіць трохі грошай і адправіўся разам з сябрам цягаць заплечнікі альпіністаў. Але  правільнага абутку ў хлопца не было, і альпініст, які іх наняў, выдаў свае Koflach. Вядома, такія цяжкія боты не спадабаліся юнаму портэру, і ён вырашыў зняць пластыкавую абалонку і пайсці ў слізкіх унутраных ботах. Натуральна, ён упаў і ўляцеў з маршрута… Перапужаўся і не больш.

 

Нельга было сядзець у хаціне, час адпраўляцца на маршрут, таму наша каманда запланавала ўзыйсці на пік Рацека па 2А, каб закрыць кіраўніцтва Алегу ды разам і другі разрад. Але мы былі б не мы, калі ўсё пайшло згодна плану. Дамовіўшыся з Алегам прачнуцца а 4 раніцы, каб прыгатаваць сняданак, мы ўсё гэта праспалі. Ды і ўвогуле падымацца значна пазней тэрміну было нашай звычкай: група спартыўнай дэградацыі “Алга”!

Будзільнік Алега разрываўся Імператарскім маршам з “Зорных войнаў”, я вырашыла паспаць яшчэ крыху, а потым расштурхаць Алега. Але мае “яшчэ крыху” ператварыліся ў дзве гадзіны. Быццам бы апараныя мы вылецелі з спальнікаў, праверылі надвор’е: ішоў снег, Рацека згубіўся ў аблоках, як і іншыя верхавіны. Было вырашана зноў-такі схадзіць на лядовыя заняткі. Там мы спрабавалі адпрацаваць тэхніку хаджэння звязкі па звязке… Спадзяюся, мне больш не прыйдзецца карыстацца гэтай тэхнікай, бо нічога добра з яе не выйшла, акрамя сваркі і таго, што мы выключылі Лёшу з “Алга”.

Усе пры справе

Увечары мяне душыў гнеў, і таму што Лёша конікі свае паказаў на занятках, і таму што высветлілася, што нам заўтра на гару, а ўжо амаль ноч, а маршрут ніхто не ведае і трэба хуценька афармляць маршрутныя лісты!

Але на маршрут Селівёрстава 3Б на Байчу мы ўсё ж такі выйшлі. Жадання перціся няма, бо адчуваю сябе стомленай. Ой ладна! Няўжо ў такіх умовах можна адпачыць?!

Добра, што пачатак падыхода да Байчычыкей амаль плоскі, але потым пачынаецца рэзкі ўзлёт з камянеў і глыбокага снегу. У гэты дзень Байча карысталася папулярнасцю: нехта лез “Саплю”, нехта – 5А, ну а мы ішлі па чужых слядах. Пасля павароту на “Саплю” пачынаецца непраемная хадзьба па веееельмі глыбокаму снегу, і як толькі мы заўважылі лёд, то вырашылі, што гэта пачатак нашага маршруту.

Я лезу лідэрам, але на першай вяроўцы ў мяне нешта ламаецца, і я пачынаю панікаваць, здаецца, што зараз упаду. Упала, праўда, гэта было ўжо на трэццяй вяроўцы ды і тое пры верхняй страхоўцы. Праскальзіла некалькі метраў, затое паказала акадэмічнае падзенне з задранымі нагамі.

Працуем на маршруце

Добрай раніцы з Байчы!

Пад час лазання я часта кручу буры, а калі да мяне падыходзіць Алежка, то адпараўляю яго лідэрам лезці астатнія сотні метраў. Так ён упэўнена і лезе тры вяроўкі, пакуль не падыходзіць да скальнай кішэні. Мда, такога павароту ў апісанні не было. Алежка спрабуе пералезці скалы, каб зноў вярнуцца на лёд. Так страшна за напарніка мне яшчэ ніколі не было! Алежка смела лез па складаных шчылінах і полках, а пад нагамі адвальваліся вялікія камянні і з грохатам каціліся.

З-за гэтай сцяны прыйшлося мне з Алегам правісець некалькі гадзін на станцыі. Алежка і інструктар так і не змаглі знайсці выхад з гэтай скальнай кішэні, і адзіным выдатным выхадам было спускацца па шляху пад’ёму. На жаль, не атрымалася пабачыць лядовае поле каля верхавіны, але яшчэ будзе шанец адправіцца туды: горы яны больш вечныя, чым людзі.

З запалам дзюльфераем. Я нават накруціла пятлю Абалакава, ідэальна!

Уходзім ціха – там швах!

На спуску рагочам ды звінім начыннем, паўтараем, што мы пакажам СП-аддзяленням, як хадзіць горы і вяртацца пры свеце сонца.

Наступны дзень – дзень адпачынку (хм, здаецца, мы любім адпачыць!), бо надвор’е невельмі. Ну а калі надвор’е − швах, значыцца СП-аддзяленні пайшлі на горы. У нас нават скалался прыкмета, калі рабяты з СП збіраюцца на гору, то быць дрэннаму надвор’ю. А Наталка лічыла, што Кожухаў прыносіць ахвяры багам, каб наша група хадзіла горы ў ціхае ды сонечнае надвор’е.

Але мы не марнуем час, а гатуем для нашых гораўзыходнікаў капусту, бо Коля напярэдадні заказаў у нас гэтую страву, распавёўшы, дзе храніцца свежая гародніна. Я той аматар гатаваць ежу, але Коле нельга адмовіць… Цэлый дзень правялі на кухне, у цяпле і пахах ежы. Ніхто з нас не ведаў, як там дакладна варыць капусту, таму часам крычалі: “Натаааааааааааааааша!”, спрадзяючыся, што зараз матэрыялізуецца наша дама і раскажа, што куды сыпаць, каб згатавать правільна капусту. Наталка яшчэ добра адзначыла той факт, што смена праходзіць вельмі рэтмічна: ці ты цэлы дзень за варкай, ці цэлы дзень караскаешся на гору.

 

Горная ежа часам такая смачная!

Негледзячы на ўсё, мы зрабілі добрую капусту. Хаця альпіністу, які правёў увесь дзень сярод камянёў і лёду, спадабаюцца нават сухары з гарбатай.

Тая самая капуста!

Пасля добрага адпачынку нас чакала Карона па маршруце Плотніка 4А. Гэта была мая булачка сезону. У якасці напарніка мне выдалі Колю, а мой Алежка пайшоў маршрут з Кожухавым ды Алегам.

І на гэты раз мы праспалі да такой ступені, што нас будзіў інструктар! На падыходзе тэмп дыктуе Коля, а я намагаюся за ім ляцець. Напэўна дапамагае мая якасць сесці лідэру на хвост і не адпускаць яго, негледзячы ні на што. Недзе далей астатнія хлопцы.

Сустракаем світанне

Усміхайцеся, я вас зараз сфатаграфую!

На ледавіку нас чакае добры пласт снегу. Трохі чыцерым і абыходзім глыбокі снег па марэне, дзе можна прыгаць па камяням. Але ўжо пад маршрутам такім спосабам не пройдзеш, трэба трапіць там, дзе снег часам дасягае плячэй! Так як я хуценька пераапранулася, то вырашыла не марнаваць час і пайсці першай трапіць снег. Выйшла так, што амаль да першай вяроўкі я адна білася са снегам, пакуль хлопцы недзе тапталіся. Коля спрабаваў скінуць меня, але я не давала магчымасці, бо лічыла, што лепей ён адпачне, бо ўчора хадзіў у складаных умовах гору. Затое я атрымала званне “Шерстяная волчара” пасля фенаменальнай барацьбы з гарой снегу.

Маршрут Плотнікава і падыход да яго

Потым нас чакалі 6 метраў вертыкальнага лёду і прыжок праз берг. З першым зграбна справіўся Коля, а мы на жумар – і наперад. Усе чакалі, што я звалюся ў берг, таму што ў мяне ёсць традыцыя кожны год у пачатку сакавіка падаць у берг. Але ў гэтым годзе традыцю прыйшлося парушыць. І які раз я даказала сабе і ўсім, што альпініст з жумарам з мяне так сабе… Хацела прайсці гэты вертыкальны кусок з дапамогай аднаго жумара, але картоха не змагла. І каб інструктар не захлібнуўся ад злосці, накруціла прусік пад ногу.

Ку-ку, Коля!

Вырашыла, што цяпер мне не дадуць магчымасць лезці на фіфах і прыйдзецца зноў быць целам з жумарам у руцэ. Але Коля крыкнуў, што страхоўка гатова, і я палезла. Добра так было: лезеш сабе і лезеш, часам паміраеш з-за того, што збіваецца дыханне. Дапамагаеш лідэру, страхуючы яго, нават не трэба даваць каманды: з Колей і так усё зразумела. Лепшы маршрут, далібог!

Дагані мяне, калі зможаш

“Алга” рушыцца наперад!

Калі Коля далез да запаветнай мульды, то крыкнуў мне: “Персік!”, — што значыла завяршэнне маршруту. У мульдзе я легла спаць, а Коля гатаваў гарбату. Добра адпачыць тут пасля 8,5 вяровак добрага лёду. Увогуле, з пяшчотай узгадваю Плотнікава, так па-сяброўскі і немарудна схадзілі лёд, ды яшчэ сонца парадавала нас на спуске!

У мульдзе

Вяртаючыся да лагера праз цырк Кароны, разглядалі маршрут Лоу на Свабодную Карэю, бо кожны марыў там пабываць. І ў гэтым сезоне толькі Коле і Кожухову пашасціла вылезці на верхавіну Карэі.

Лепшыя хлопцы!

Пасля гэтага ўзыходжання я даведалася, што каманда патраціла 5 гадзін, каб падысці да маршрута ад Каронскай хаціны, бо снегу было столькі, што можна было ўтануць. Пасля плавання ў снезе хлопцы караскаліся па 100-метроваму порыстаму лёдзе. А потым яшчэ 20+ вяровак адначасовага лазання, і спуск. Можа гучыць суха і проста, але я там не была і пішу са словаў хлопцаў.

Паспела сфотаць герояў, якія валяць на Лоу!

Яна! Карэя!

Ледавік ім прыйшлося перасякаць па-пластунску, каб вецер не здзьмуў двойку альпіністаў у Бішкек як Татошку і Элі ў краіну Оз.

Пакуль наш шэф з Колей хадзілі Лоу, мы штурмавалі пік Рацека з поўдня па 2А! Снегапад, аблокі, ноччу вынесла дзверы ветрам у суседзяў, але нас не спыніць! Мы павінны зрабіць з Алега сапраўднага 2-разрадніка.

Топаем па марэне Кракадзіла, слухаем музыку, палім (а хтосьці не). Вакол цішыня, калядны снег – такі спакой.

Дружна топаем на маршрут

Сам маршрут нецікавы, што нават нечага ўзгадаць у плане тэхніцы. Адзіная перашкода – шчыліна даўжынёй 4 метра, якую пралез Алежка. Мяне так разнесла, што ўвогуле хацелася сядзець на перамычцы ды чакаць рабят, пакуль яны збегаюць гэты маршрут. Але дамовілася з Алежкай на жумарынг-батонінг. Потым ступені, ступені і хоп верхавіна, дзе мы зрабілі невялічкі пікнік. Зноў-такі зразумела, што галоўнае хадзіць у горы ў добрай кампаніі.

Алежка штурмуе паўднёвую сцену Рацека

Сканчэнне сезона мы марылі адзначыць “Саплёй”! Але лёс склаўся інакш, бо мы аматары паспаць. Калі падышлі пад маршрут, там ужо працавалі іншыя альпіністы. Спрабавалі з імі дамовіцца, каб разам папрацаваць, але калі ў нагу Алежкі прыляцеў камень, то мы з лёкай душой пакаціліся ў лагер. З аднаго боку добра, што можна забіць на горы ды пайсці адмакаць у лагеры, а з іншага – такая прыгожая верхавіна і маршрут, трэба было залезці! Але наступны раз: жыццё яно не скончваецца пакуль.

Золак пад Байчычыкей

З Алежкай дамовіліся зноў сабрацца ў наступным годзе тут і пралезць сёе-тое. Здаецца мне, што Арча – мой крыж! Колькі бы я не пела на маршруце, што гэта зімовая гара – апошняя гара ў маёй слаўнай кар’еры альпініста, усё роўна я не кіну сваіх сяброў і адпраўлюся з імі ў горы.

Ах, і яшчэ не трэба забываць на трэніроўкі: есці булкі і ляжаць на канапе, каб было дастаткова тлучшчу і энэргіі для дліных зімовых узыходжанняў!

Канцэптуальны фотаздымак

Тэкст: Александронец Ганна

Фотаздымкі: “Алга”

Еще интересные статьи

Редактор Тел. +375-44-741-52-23

Добавить комментарий